Ці абавязкова святар павінен знаходзіцца ў касцёле падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту (дакладней, пры правядзенні ўсяночнага чування)? Ці можа ксёндз здзейсніць выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту ўвечары і пакінуць вернікаў маліцца самастойна, вярнуўшыся раніцай? Ад святара са сваёй парафіі я пачула, што так рабіць нельга. Падкажыце, як правільна? Ананімна
Святар, які адмовіў такім чынам здзяйсняць адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту, не парушыў правілы. Аднак, варта больш пільна прыгледзецца да гэтай сітуацыі. Каб разабрацца, звернемся да Кодэксу Кананічнага Права. “Калі няма сур’ёзнай перашкоды, то касцёл, у якім захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамант, павінен быць адчынены штодзённа прынамсі на працягу некалькіх гадзін, каб парафіяне маглі маліцца перад Гостыяй” (кан. 937).
Інакш кажучы, калі вернікі маюць патрэбу памаліцца перад Найсвяцейшым Сакрамантам, у касцёле павінны быць створаны адпаведныя ўмовы. Неабходна абраць належнае месца, гварантаваць бяспеку Гостыі.
Далей ККП сцвярджае: “Рэкамендуецца, каб у гэтых касцёлах і араторыях здзяйснялася ўрачыстае выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту на адпаведны тэрмін, няхай нават с перапынкамі, каб мясцовыя вернікі глыбей разважалі аб эўхарыстычнай таямніцы і з большым натхненнем адаравалі яе. Аднак такога роду выстаўленні павінны адбывацца толькі ў тым выпадку, калі прадбачыцца сход дастатковай колькасці вернікаў: акрамя таго, пры гэтым неабходна захоўваць устаноўленыя нормы” (кан. 942).
Калі святар разумее, што ў адарацыі будзе прымаць удзел невялікая колькасць людзей, і як следства, выстаўленае Цела Езуса Хрыста можа застацца без удзельнікаў чування, ксёндз увогуле не павінен распачынаць адарацыю або скончыць яе адразу пасля адыходу вернікаў са святыні.
Фактычна, святар можа распачаць адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту ўвечары і скончыць яе раніцай, пакінуўшы парафіянаў маліцца самастойна. Пры гэтым, ён павінен мець поўную маральную ўпэўненасць, што Гостыя не застанецца выстаўленай у пустым касцёле.
***
Пытанні, не адлюстраваныя ў ККП, можа ўрэгуляваць ардынарый дыяцэзіі.
З пашанай, кс. Алег Пятрашка