Як будучых святароў вучаць спавядаць? Цi вучаць увогуле гэтаму? Дзякуй. Кацярына, 22 гады
Падчас вучобы ў духоўнай семінарыі будучыя святары, або “клерыкі”, праходзяць навучанне і атрымліваюць веды ў галіне філасофіі і тэалогіі. Езус даў сваім апосталам уладу кіраваць вернікамі Яго Паўсюднага Касцёла: “Сапраўды кажу вам: усё, што вы звяжаце на зямлі, будзе звязана ў небе, і ўсё, што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе” (Мц 18, 18).
Улада прабачэння грахоў у Касцёле дадзена біскупам, наступнікам апосталаў. Яны, у сваю чаргу, даюць гэтую ўладу святарам, тыя ж выкарыстоўваюць яе ў сакрамэнце пакаяння і паяднання. Падчас вывучэння навукі Каталіцкага Касцёла пра сакрамэнты клерыкам, канешне, даюцца не толькі самі веды ў галіне сакрамэнтаў, але і веды пра ролю святара ў іх. У межах вывучэння таго, што датычыцца сакрамэнту пакаяння, разглядаюцца многія пытанні, такія, як: для чаго існуе споведзь і якая роля святара? Якія ўмовы споведзі і як дапамагчы чалавеку іх правільна разумець, каб споведзь была сапраўднай?
Выкладчыкі стараюцца па максімуму стварыць на лекцыях разнастайныя сітуацыі споведзі, розных людзей і іх жыццёвых момантаў, цяжкасцяў. Напрыклад, моладзі або дзяцей, людзей, якія рэдка прыступаюць да гэтага сакрамэнту, або тых, хто мае не да канца сфармаваныя духоўнасць і сумленне.
Шмат часу прысвячаецца вывучэнню і разуменню захавання таямніцы споведзі, якое патрабуецца ад спаведніка. Кожны спаведнік абавязаны строга захоўваць таямніцу споведзі. Выкладчыкі стараюцца стварыць цяжкія моманты, каб будучы святар разумеў усю важнасць таямніцы пакаяння.
Канешне, вывучаюцца і практычныя моманты гэтага сакрамэнту, кожны святар павінен ведаць формулу адпушчэння грахоў, як падыходзіць да чалавека, якое накладваць пакаянне.
Таксама вывучаецца з пункту гледжання псіхалогіі правільнае стаўленне да розных людзей, тое, як і каму даваць духоўныя настаўленні. Святар павінен дапамагчы таму, хто каецца, добра спавядацца, пабудзіць яго да сапраўднай скрухі і прыняцця рашэння выправіцца.
Кодэкс кананічнага права ўказвае, што, “задаючы пытанні, святар абавязаны рабіць гэта разважліва і разборліва, прымаючы пад увагу становішча і ўзрост таго, хто каецца, і ўстрымлівацца ад роспытаў пра імя саўдзельніка граху” (Кан. 979).
Аднак можа здарыцца так, што некаторыя жыццёвыя абставіны (напр., несакрамэнтальны шлюб), прабыванне ў цяжкім граху на працягу доўгага часу без шкадавання і рашэння выправіцца, могуць зрабіць немагчымым поўнае прымірэнне з Богам. Адмова ў адпушчэнні грахоў не мае на мэце раніць грэшніка або прынізіць яго, а павінна дапамагчы грэшніку адкрыцца Богу.
Спаведнік, які ўсведамляе, што не можа адпусціць грахі, павінен далікатна, з любоўю растлумачыць, чаму ён павінен так паступіць, і пабудзіць таго, хто каецца, да веры ў Божую любоў і да малітвы, якая дапаможа яму ўбачыць сапраўдны стан яго душы. Некаторым патрэбны час, каб “даспець” да поўнага навяртання і прымірэння.
Кожны святар заўсёды спавядае і здзяйсняе сваё служэнне з дазволу біскупа, але ёсць выпадкі, калі права адпушчэння некаторых асабліва цяжкіх грахоў замацавана за Святым Пасадам, або за мясцовым біскупам, або за ўпаўнаважанымі ім прэзбітэрамі (святарамі). Да такіх грахоў адносяцца: адыход ад веры, аборт, збіванне або забойства біскупа, спроба цэлебраваць Імшу або здзяйсняць адпушчэнне грахоў асобай, якая не мае пасвячэння, заключэнне шлюбу святаром або манаскай асобай, прыналежнасць да аб’яднання, якое змагаецца з Касцёлам.
Таксама будучыя святары вывучаюць, у якіх выпадках споведзь можа быць несапраўднай.
У канцы, канешне, адбываецца экзамен, дзе выкладчык не толькі пытаецца тэорыю, веды пра сакрамэнт пакаяння, але, як было сказана раней, і стварае як бы прыклад споведзі з рознымі людзьмі, рознымі жыццёвымі момантамі і цяжкасцямі.
З пашанай, кс. Віктар Ханька