Мяне запрашаюць стаць хросным бацькам, але я адчуваю, што не гатовы ўзяць на сябе адказнасць за дзіця перад Богам. Таму хачу адмовіцца. Ці правільна будзе паступіць такім чынам? І што рабіць бацькам немаўляці, калі сярод сваякоў і сяброў няма рэлігійных людзей? Сяргей, 24
Кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае (Быц 1,27). Гэта праяўляецца ў тым, што ён мае розум і вольную волю. Ад самага пачатку жыцця неабходна паступова выхоўваць гэтыя сферы людскога жыцця. Розум і воля фарміруюцца індывідуальна, пад уплывам розных чыннікаў і абставінаў, сям’і і асяроддзя, і па гэтай прычыне па-рознаму выкарыстоўваюцца чалавекам ў жыцці.
У дадзеным выпадку, шаноўны Сяргей, Вы самі распазналі, што не гатовы па пэўных прычынах стаць хросным бацькам. Вы разважылі (задзейнічалі розум) і вырашылі (праяўленне волі), што пакуль не гатовы. Таму такі выбар з’яўляецца Вашым асабістым рашэннем – адказаць станоўча ці адмоўна. У той жа час варта патлумачыць бацькам дзіцяці, чаму не можаце прыняць іх прапанову, абгрунтаваць сваё рашэнне, каб яны не пакрыўдзіліся на Вашую адмову і маглі своечасова знайсці Вам замену.
Навучанне Касцёла наконт хросных бацькоў узгадвалася ўжо ў рубрыцы “Спытайся! Адказвае святар” у артыкулах пад назвай “Ці можа цяжарная жанчына хрысціць дзіця” і “Ці можна выбраць хросных бацькоў не з ліку католікаў, а сярод іншых хрысціянскіх канфесій?”. Заахвочваю звярнуцца да іх.
З пашанай, а. Павел Федарвоіч МІС