Што рабіць, калі забыўся, якое атрымаў на споведзі пакаянне? Андрэй, 21 год
Ускладзенае ў канфесіянале пакаянне – найчасцей якаясьці форма малітвы, хоць і не заўсёды, – з’яўляецца новым запрашэннем на шлях да дабра. Яно павінна быць першым крокам на гэтым нанова распачатым шляху, павінна адкрыць чалавека на супрацоўніцтва з ласкай, якую ўдзяляе Пан Бог, каб перамяняць жыццё. Таму не варта адкладваць пакаянне, бо без Божай ласкі чалавек далёка не зойдзе. Таму рэкамендуецца, адправіць пакаянне як мага хутчэй.
Калі здараецца такая сітуацыя, што чалавек забыўся, якое атрымаў на споведзі пакаянне, існуюць два вырашэнні. Першае з іх – параіцца са святаром. Гэта не абавязкова павінен быць той самы святар, у якога я спавядаўся, прытым што яго таксама магу не памятаць. Можна зрабіць гэта як у канфесіянале, так і па-за ім. Што праўда, гэты іншы святар не чуў нашага вызнання грахоў, таму яму цяжка будзе накласці “адэкватнае” пакаянне, але затое гэтае вырашэнне мае тую перавагу, што базуецца на паслухмянасці Богу і Касцёлу ў асобе святара, якога я прашу такім чынам аб дапамозе. А гэтая паслухмянасць, адсутнасць якой – агульная рыса ўсіх грахоў, таксама з’яўляецца спосабам адкрыцця на ласку Хрыста.
Ёсць яшчэ другое вырашэнне – аварыйнае. Калі я больш-менш прыгадваю, якім магло быць тое забытае пакаянне, то здзяйсняю яго паводле таго, як мне здаецца. Для спакою сумлення можна яго крыху пашырыць – напрыклад, прамовіць не “дзясятку”, а цэлую частку Ружанца.
Тут важна застацца ўнутрана шчырым і занадта сабе не адпускаць, але і не ўпасці ў сумненні. Таму важная аснова прынятай пастановы. У гэтым выпадку варта таксама ўспомніць пра замену падчас наступнай споведзі.
А найперш трэба памятаць, што не тая ці іншая малітва або ўчынак сам па сабе мяне аздараўляе, але што здзяйсняе гэта добры Бог, на дзеянне якога здзейсненае пакаянне нанова мяне адкрывае.
З пашанай, кс. Юрый Марціновіч