Чаму Бог кажа чалавеку прабачаць усім крыўдзіцелям незалежна ад таго, каяцца яны ці не, а Сам прабачае толькі тых, хто шкадуе за правіны? Арцём, 18 гадоў
Прабачэнне – гэта дар дарма даны, як і ўсе Божыя ласкі. Госпад заўсёды прабачае, але ад самога чалавека залежыць: прыме ён гэтае прабачэнне ці застанецца ў цемры свайго эгаізму. Гатоўнасць прыняць дар ад Бога заключаецца ў тым, каб мець веру, адкрывацца на Усявышняга, давяраць сябе Ягонай міласэрнасці, быць пакорным, раскайвацца ў грахах і г. д.
Падобным чынам і нашае асабістае прабачэнне можа быць прынятае або адкінутае бліжнімі. Калі мы адпускаем правіны вінаватым нашым, як сказана ў малітве “Ойча наш”, становімся свабоднымі, не трымаем зла і не жадаем нічога дрэннага. Па прыкладзе нябеснага Айца, нашыя намеры да людзей становяцца выключна чыстымі.
Таму варта з вялікім даверам прасіць Госпада аб дары прабачэння, калі мы самі хочам дараваць і адпусціць пэўную крыўду.
З пашанай, кс. Яўген Ціхан