Чаму вернікам не ўдзяляюць св. Камунію ў постаці віна? Марыя
Каб адказаць на Ваша пытанне, неабходна зірнуць на гэты сакрамант цэласна – г. зн. на спосаб удзялення св. Камуніі ў дзвюх постацях. Тут варта закрануць наступныя моманты.
Па-першае, калі Хрыстос устанавіў Эўхарыстыю ў постаці хлеба і віна, то чаму на працягу стагоддзяў Касцёл удзяляе св. Камунію толькі пад выглядам хлеба? І па-другое: чаму сёння часткова аднаўляецца практыка ўдзялення св. Камуніі ў дзвюх постацях?
Перш за ўсё, трэба адзначыць, што нават у выпадку крайняга выключэння святару нельга цэлебраваць св. Імшу без хлеба і віна. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: чаму можна прыняць св. Камунію толькі ў постаці хлеба, але нельга кансэкраваць адзін толькі хлеб? Адказ просты: эўхарыстычная ахвяра – гэта рэальнае ўвасабленне той адзінай ахвяры, якую Хрыстос склаў на крыжы за кожнага з нас. Кансэкрацыя хлеба і віна ўказвае на тое, што Езус аддаў сябе на Кальварыі да самага канца, да кровапраліцця. Таму яе трэба здзяйсняць менавіта тым спосабам, які Ён сам нам паказаў у Вялікі чацвер. Эўхарыстычная ахвяра немагчымая без кансэкрацыі хлеба і віна.
Аднак св. Камунія – гэта не складанне ахвяры, а ўдзел у ахвяры. Падчас прыняцця Гостыі мы рэальна яднаемся з Езусам, які да канца палюбіў нас. У кожнай з постацей мы сапраўды злучаемся з усім Хрыстом. Таму св. Камунія з’яўляецца поўнай нават у тым выпадку, калі мы прымаем яе толькі пад абліччам хлеб. Нават у тыя часы, калі прыняцце св. Камуніі ў дзвюх постацях было вельмі распаўсюджанай з’явай, святар, несучы яе дадому хвораму, браў з сабой Камунію толькі як хлеб. І ніхто бы нават не падумаў, што ў дадзенай форме Камуніі можа чагосьці не хапаць.
Але як здарылася, што ў пэўны момант Заходні Касцёл вырашыў удзяляць св. Камунію толькі ў постаці хлеба? Гэта адбылося ў XII ст. па некалькіх прычынах:
- Менавіта ў той час у Касцёле шырока развілася эўхарыстычная набожнасць. Больш увагі пачалі надаваць таму, каб абараніць Эўхарыстыю нават ад бачнасці матэрыяльнай знявагі. Людзі больш чым раней непакоіліся аб тым, што падчас удзялення св. Камуніі ў постаці віна маленькая кропля ўпадзе на зямлю ці сцячэ па падбародку, або ксёндз часам несвядома нахіліць келіх і г. д.
- На гэтую змену, безумоўна, мелі ўплыў і цяжкасці, звязаныя са здабыццём віна.
- Важную ролю ў адмаўленні ад удзялення св. Камуніі пад выглядам віна мела і тая акалічнасць, што ў Новым Запавеце хлеб у сакраманце Эўхарыстыі прадстаўлены як першасны (асноўны) элемент, а віно – як дадатковы. Дастаткова ўсвядоміць, што першапачаткова св. Імшу называлі ламаннем хлеба (Дз 2, 42; 20, 7; 27, 35). Шмат эўхарыстычных сімвалаў – такіх як манна, пасхальны баранак – адносяцца больш да постаці хлеба. Таксама калі Пан Езус распавядае пра Эўхарыстыю ў дзвюх постацях, хлеб заслугоўвае большай увагі (Ян 6, 33; 41; 48–52; 58).
У сувязі з вышэйзгаданым узнікае яшчэ адно пытанне. Ці адрозніваецца Камунія ў дзвюх постацях ад Камуніі – у адной? Так. Але розніца заключаецца толькі ў памеры сакраментальнага знаку, сімволікі. І ніяк не ўплывае на памер ласкі, якая ўдзяляецца праз дадзены сакрамант. Уводзіны да Рымскага Імшала тлумачаць гэта наступным чынам:
“Прыняцце Святой Камуніі пад дзвюма постацямі становіцца больш поўным выразам праз вымову знаку (ratione signis pleniorem). У дадзенай форме паказваецца ў дасканалым святле знак эўхарыстычнай гасціны і ясна выражаецца воля завяршэння новага і вечнага запавету ў Крыві Пана; таксама падкрэсліваецца сувязь паміж эўхарыстычнай гасцінай і канчатковай гасцінай у Валадарстве Нябесным” (№ 240).
Тут жа ўзгадваюцца ўсе выпадкі, калі, карыстаючыся сілай паўсюднага закона, можна ўдзяляць св. Камунію ў дзвюх постацях. Найбольш часта сустракаюцца наступныя сітуацыі: сужэнцам падчас шлюбу ў спалучэнні са св. Імшой; дыяканам падчас св. Імшы пасвячэння; асобам, якія складаюць манаскія абяцанні або аднаўляюць іх падчас літургіі; падчас Эўхарыстыі ў доме хворага і падчас Імшы, якая цэлебруецца для розных душпастырскіх груп.
Камунія ў дзвюх постацях прынята ў праваслаўнай Царкве і ў католікаў усходняга абраду. У рыма-католікаў правілы ўдзялення св. Камуніі ў такім выглядзе змяняюцца ў залежнасці ад абставін месца і часу.
На заканчэнне трэба адзначыць, што сёння ў нас можна назіраць выразную тэндэнцыю да распаўсюджвання практыкі ўдзялення св. Камуніі ў дзвюх постацях. Адным з прыкладаў могуць служыць дакуманты ІІ Польскага пленарнага сінода, паводле якіх “душпастыры павінны выкарыстоўваць усе законныя магчымасці ўдзялення св. Камуніі ў дзвюх постацях”.
З пашанай, кс. Андрэй Лішко