Чаму адны святары бласлаўляюць дзяцей падчас удзялення св. Камуніі, а другія – не? Вольга
Бласлаўленне малых дзяцей у час сакраманту Эўхарыстыі належыць да дыскусійных тэм. Адказваючы на гэтае пытанне, трэба, перш за ўсё, усвядоміць, пра які жэст бласлаўлення ідзе гаворка. Звычайна практыкуюцца дзве формы:
- знак крыжа, які святар робіць вялікім пальцам на лбе малога;
- знак крыжа, які чыніцца Целам Хрыста над дзіцём.
Удзеленае святаром бласлаўленне мае вялікую духоўную моц. Нібыта сам Хрыстос яго ўдзяляе. Cвятарскіх бласлаўленняў ніколі не можа быць зашмат, і неабходна падкрэсліць важнасць гэтага жэста. Дадзеную тэму закранае таксама папа Бенедыкт XVI. Ён адзначае, што, атрымліваючы знак крыжа, вернікі атрымліваюць таксама бласлаўленне ўсяго, што спадарожнічае ім у жыцці.
Аднак некаторыя святары падкрэсліваюць, што момант удзялення св. Камуніі – гэта неадпаведны час для бласлаўлення.
Існуе цэлы шэраг норм адносна ўшанавання Гостыі, у якой прысутнічае Хрыстос. Напрыклад, з асаблівай увагай трэба ставіцца нават да найменшых часцінак кансэкраванага хлеба, бо ў іх тоіцца ўвесь Езус.
З практыкі вядома, што кансэкраваны хлеб крышыцца, як кожны іншы. Таму, калі ксёндз, удзяляючы св. Камунію, робіць на лбе дзіцяці знак крыжа тым самым пальцам, якім толькі што падаваў Цела Хрыста, або бласлаўляе яго Гостыяй, гэта можа мець прыкрыя наступствы. Святары асцерагаюцца, што могуць пакінуць невялікую часцінку Гостыі на дзіцяці або ўпусіць яе дробныя фрагменты на падлогу, тым самым зневажаючы Езуса.
Дарэчы, раней ксяндзы ўвогуле павінны былі трымаць вялікі і паказальны палец злучанымі ад моманту распачацця і да заканчэння ўдзялення св. Камуніі, каб не ўпусціць нават найменшай часціцы Гостыі. Сёння канкрэтных норм адносна гэтай тэмы літургія не прадугледжвае, тым самым не забараняючы бласлаўляць дзяцей падчас св. Камуніі.
Таму ёсць тыя, хто гаворыць, што невялічкі жэст бласлаўлення хлопцаў і дзяўчат падчас сакраманту Эўхарыстыі вельмі важны. “Бласлаўленне дзіцяці з’яўляецца малітвай”, – цытуюць яны папу Францішка ў пацвярджэнне сваго пункту гледжання.
Падсумоўваючы, трэба адзначыць, што найбольш адпаведны спосаб бласлаўлення малога – гэта ўчыненне знаку крыжа. Толькі рабіць гэта трэба не камунікантам або пальцам, але далонню над галавой дзіцяці. Дарэчы, падобны метад выкарыстоўваюць айцы бенедыктынцы.
З пашанай, кс. Юрый Бяганскі