Мой начальнік - мужчына, з якім у мяне ўсталяваліся добрыя сяброўскія адносіны. Ён заўсёды быў для мяне цікавым пазітыўным чалавекам, з якім прыемна пагаварыць, які можа даць добрую параду і падтрымаць.
Нядаўна я даведалася, што ён мае нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю і жыве з мужчынам. Для мяне, чалавека, які практыкуе каталіцкую веру, гэта было як выбух у галаве. Я не ведаю, як цяпер сябе з ім паводзіць: цурацца ці рабіць выгляд, што нічога не адбываецца? Што гаворыць Касцёл на гэты конт? Ананімна
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў артыкуле пра шостую запаведзь кажа пра парушэнні цноты чысціні, у тым ліку пра гомасэксуалізм. У трох пунктах ясна падаецца адказ на пастаўленае пытанне, таму варта падаць іх цалкам, а пасля дадаць невялікі каментар.
“Гомасэксуалізм азначае адносіны паміж мужчынамі ці жанчынамі, якія адчуваюць сексуальную цягу, выключную або пераважную, да асобаў аднаго з імі полу. Ён прымае самыя разнастайныя формы ў розныя эпохі і ў розных культурах. Яго псіхічнае паходжанне застаецца ў вялікай ступені невытлумачальным. Абапіраючыся на Святое Пісанне, якое прадстаўляе гомасэксуальныя дзеянні як цяжкую форму распусты, Святая Традыцыя нязменна аб’яўляе гомасэксуальныя акты безумоўна беззаконнымі. Яны супярэчаць прыроднаму закону, пазбаўляюць палавы акт яго функцыі даравання жыцця. Яны не выцякаюць з сапраўднай эмацыйнай і сэксуальнай ўзаемадапаўняльнасці. Ні ў якім разе яны не могуць быць адобраны” (ККК 2357).
“Даволі значная колькасць мужчын і жанчын маюць прыроджаную тэндэнцыю да гомасэксуалізму. Гэтыя людзі не зрабілі свядомага выбару на карысць гомасэксуалізму; для большасці з іх гэты стан з’яўляецца цяжкім выпрабаваннем. Да іх трэба ставіцца з павагай, спачуваннем і тактоўнасцю. Трэба пазбягаць у адносінах да іх усякіх праяваў несправядлівай дыскрымінацыі. Гэтыя людзі пакліканы выканаць Божую волю ў сваім жыцці і, калі яны хрысціяне, злучыць з Ахвярай Збаўцы тыя цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца з прычыны свайго стану” (ККК 2358).
“Людзі, схільныя да гомасэксуалізму, пакліканы да цнатлівасці. Дзякуючы дабрадзейнасці самавалодання, што выхоўвае ўнутраную свабоду, часам з дапамогай бескарыслівага сяброўства, малітвы і ласкі сакрамантаў гэтыя людзі могуць і павінны паступова і рашуча набліжацца да хрысціянскай дасканаласці” (ККК 2359).
У Бібліі ёсць некалькі фрагментаў, у якіх гомасэксуалізм называецца грахом (Святар 18,22; 20,13; 1 Кар 6,9-10). У той жа час Катэхізіс кажа, што да гомасэксуалістаў трэба ставіцца з пашанаю і спачуваннем. Чаму? Бо кожны чалавек мае годнасць. З аднаго боку, неабходна казаць такому чалавеку, што яго паводзіны і схільнасці недапушчальныя і з’яўляюцца грахом, іх нельга прыняць за норму. Але з іншага боку не можна перакрэсліваць і асуджаць самога чалавека, трэба дамагчы яму выйсці з гэтай праблемы (маліцца за яго; падказаць, дзе можна знайсці кваліфікаваную дапамогу).
Канешне, кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна: чаму гэтая асоба так робіць, ці змагаецца яна з гэтым грахом, ці хоча жыць у чысціні альбо, наадварот, яшчэ больш акунаецца ў грэх.
Таксама трэба памятаць, што далёка не кожны з’яўляецца практыкуючым вернікам. Веруючы чалавек ведае, што гомасэксуалізм – гэта грэх, а чалавек, які не быў выхаваны ў рэлігійным асяроддзі, часта гэтага не ўсведамляе, бо не быў навучаны маральнасці і яго сумленне прымае гэта за штосьці нармальнае.
З пашанай, а. Павел Федаровіч МІС