Я працую ў міжнароднай кампаніі, якая вырабляе прэпараты і медыцынскае абсталяванне, неабходнае для падтрымання здароўя жанчын. Інакш кажучы, усё тое, з чым яны сутыкаюцца ў радзільных дамах, жаночых кансультацыях і г. д. Па роду дзейнасці мне часам даводзіцца пісаць тэксты на тэму кантрацэпцыі, што забаронена Касцёлам. Ці з’яўляецца тое грахом, калі гэта частка маёй працы, якую цяжка пазбегнуць? Ананімна
"Пры наяўнасці ўнутрана няправеднага закона (...) ніколі нельга ні прыстасоўвацца да яго, ні ўдзельнічаць у фарміраванні грамадскай думкі, наладжанай на карысць такога закона, ні аказваць яму падтрымку галасаваннем” (Ян Павел ІІ, Evangelium vitae 73).
Этычны кодэкс лекара абавязвае перад дзяржавай. Але калі які-небудзь аспект гэтага кодэксу супярэчыць Божаму закону, то ўрач-католік не абавязаны яго выконваць.
Нярэдка праціўнікі якіх-небудзь пярэчанняў па меркаваннях сумлення ў медыцыне спасылаюцца на абавязак лекара не навязваць свае рэлігійныя перакананні ў сферы лячэння. Але тут трэба заўважыць, што гэта зусім не супярэчыць праву лекара адмовіць у рэцэпце на кантрацэптыў.
Кантрацэпцыя - не лячэнне. Гарманальныя прэпараты, якія прымяняюцца з тэрапеўтычнымі мэтамі, нават калі яны маюць пабочны кантрацэптыўны эфект, - гэта лячэнне, і яно ніяк не ідзе насуперак з маральнымі перакананнямі католіка. Але калі тыя ж самыя прэпараты прапісваюць з адзінай мэтай - пазбегнуць зачацця, то гэта не адносіцца ані да дыягностыкі, ані да тэрапіі. Значыць, ні клятва Гіпакрата, ні этычны кодэкс не абавязваюць гінеколага іх прызначаць.
Трэба памятаць, што ніякія іншыя “непрафесійныя” матывы тут ні пры чым, паколькі разнастайныя навуковыя даследаванні даказваюць, што кантрацэптыўныя прэпараты не з'яўляюцца бясшкоднымі з медыцынскага пункту гледжання, а часам валодаюць і абартыўным дзеяннем. Варта адмовіцца ад супрацоўніцтва з любой фізічнай або юрыдычнай асобай, калі яна патрабуе ад яго дзеянняў, якiя супярэчаць этычным прынцыпам, прафесійнаму абавязку або закону.
Як лекар не можа прымушаць пацыента да немаральных учынкаў, так і пацыент не можа прымушаць лекара да таго ж.
З пашанай, кс. Алег Кудэрка