Вельмі часта можна ўбачыць у касцёле, як хтосьці падыходзіць да споведзі, потым заканчвае яе, але яшчэ на момант спыняецца, укленчвае, цалуе стулу звонку канфесіянала. Ці трэба рабіць такі жэст? Адкуль ён узяўся ў Касцёле? Ганна, 27 гадоў.
Стула нябачная падчас святой Імшы, у кожнага святара яна знаходзіцца пад арнатам. Першапачаткова яна называлася orarium ал лацінскага ors, oris – вусны. Стула бярэ пачатак ад старажытнага рымскага пояса, якім падпярэзваліся, каб абціраць вусны. У сённяшні час яна шыецца звычайна з той жа тканіны, што і арнат.
Святар ускладвае яе перад святой Імшой і цэлебрацыяй сакрамэнтаў. Стула выкарыстоўваецца таксама дыяканам, які ўскладвае яе як пояс, нахілены ў правы бок.
Колеры стулы залежаць ад дадзенага літургічнага перыяду. Яна можа быць фіялетавай, белай, зялёнай, чырвонай, залатой, ружовай. Значэнне гэтай літургічнай вопраткі адназначнае. Паколькі ў старажытным Рыме яе апраналі дзяржаўныя кіраўнікі, яна з’яўляецца сімвалам улады, даверанай святару Хрыстом. Гэта ўлада адпушчэння грахоў, здзяйснення апекі над авечкамі, быцця пастырам.
Цалаванне стулы святара пасля заканчэння споведзі не абавязковае. Ад гэтага не залежыць важнасць споведзі, гэта не з’яўляецца элементам сакрамэнту. Аднак у нашай традыцыі, у нашай краіне гэтая практыка сустракаецца вельмі часта. Для многіх людзей важна, каб пасля споведзі не забыць учыніць гэты жэст.
Не азначае, аднак, што такі пацалунак з’яўляецца жэстам без значэння. Ён выражае глыбокую павагу да святара і яго годнасці, паказвае, што мы ўсведамляем тое, што за хвіліну да гэтага адбылося ў канфесіянале. Гэта таксама падзяка Хрысту, які даў нам такую незвычайную рэч, як сакрамэнт пакаяння і паяднання.
З павагай, кс. Юрый Марціновіч