Я маю звычку падчас споведзі заглядаць у паперку, на якой запісала ўсе свае грахі, або ўвогуле чытаць з паперкі (калі моцна хвалююся, каб нічога не забыць). Аднойчы святар зразумеў, што я выкарыстоўваю папяровую падказку, зрабіў мне заўвагу і на будучыню папрасіў усё казаць па памяці. Ці мае ён рацыю і ці сапраўды няправільна выкарыстоўваць спіс грахоў падчас споведзі? Віялета, 18 гадоў
Адной з умоў сакрамэнту пакаяння з’яўляецца шчырая споведзь. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла наконт вызнання грахоў гаворыць наступнае: “Вызнанне грахоў нават з пункту гледжання людскога вядзе нас да свабоды і паяднання з іншымі. Прызнаючы грахі, чалавек тварам у тварам сутыкаецца з тым, што ўчыніў, прымае адказнасць за грэх і тым самым зноў адкрываецца на Бога і Касцёл, каб учыніць магчымай новую будучыню” (ККК 1455). І далей: “Калі веруючыя ў Хрыста стараюцца паспавядацца з усіх грахоў, якія ім прыходзяць на памяць, яны несумненна прадстаўляюць усе гэтыя грахі міласэрнаму Божаму прабачэнню” (ККК 1457).
Катэхізіс кажа аб вызнанні ўсіх грахоў, якія чалавек памятае, каб даручыць іх бязмежнай Божай Міласэрнасці. Наконт таго, ці можна карыстацца паперкай з запісанымі на ёй грахамі, у навучанні Касцёла няма канкрэтнага выказвання. Таму гэта справа індывідуальная і залежыць ад чалавека ці святара.
І тым не менш чалавек павінен задаць самому сабе пытанне: “Чаму я запісваю грахі на паперцы? Што не дазваляе мне казаць іх па памяці?” Калі сапраўды ўбачыць важныя прычыны, якія не дазваляюць яму проста казаць грахі, то можна карыстацца паперкай. Але трэба прыкладаць намаганні, каб па меры магчымасці адыходзіць ад такой практыкі. Таксама чалавек можа патлумачыць святару, што карыстаецца паперкай па канкрэтнай прычыне і гэта дапамагае яму адысці ад канфесіянала з чыстым сумленнем.
Трэба памятаць, што звычайным спосабам вызнання грахоў з’яўляецца вызнанне па памяці, без дадатковых сродкаў, і да гэтага трэба імкнуцца, пераадольваючы з Божай дапамогай розныя цяжкасці.
З пашанай, а. Павел Федаровіч МІС