Ці магчыма натуральная засцярога падчас працяглага (больш 2-ух гадоў) груднога кармлення? Ананімна
У каталіцкім Касцёле не існуе паняцця “натуральная засцярога або кантрацэпцыя”. Сужэнцы не абараняюць сябе ад нараджэння дзіцяці, але ўспрымаюць цяжарнасць як дар Божы. Як адказныя бацькі яны назіраюць за фазамі плоднасці і свядома выбіраюць плодныя дні для зачацця дзіцяці або няплодныя – каб адкласці папаўненне ў сям’і.
Гэта таксама датычыць і перыяду кармлення. Сужэнцы выкарыстоўваюць натуральныя метады распазнавання плоднасці, назіраюць за часам узнаўлення плоднасці пасля родаў і прымаюць рашэнне аб зачацці чарговага дзіцяці. Зважаючы на здароўе маці, было б добра, каб чарговая цяжарнасць надышла не раней, чым праз 2 гады пасля родаў.
Правільнае грудное кармленне (пры выканнні шэрагу ўмоў) затрымлівае вяртанне плоднасці ад 6 месяцаў да 2 гадоў. Штучнае кармленне або змешанае прыводзіць да таго, што фертыльнасць вяртаецца праз 3 тыдні пасля родаў.
Дарэчы, найбольш рэкамендаваны час кармлення груддзю – каля 1 года. У кожным разе пры правільных псіхалагічных адносінах „дзіця-маці” малы сам адмаўляецца ад кармлення мацярынскім малаком.
З пашанай, кс. Алег Кудэрка