Сеткавы маркетынг: добры ці дрэнны?
Неаднаразова ад веруючых людзей мне даводзілася чуць вострую крытыку адносна фірм, дзейнасць якіх заснавана на сеткавым маркетынгу. Яны лічаць, што карыстанне прадукцыяй гэтых вытворцаў вядзе да прамога ўздзеяння д’ябла на чалавека. Прыводзілі, здаецца, абсурдныя прыклады, нібы мыццё валасоў шампунем ад „Oriflame” можа прывесці да апантанасці. Хацелася б пачуць меркаванне святара на гэты конт.
Таццяна, 22 гады
На маю думку, сярод вернікаў сустракаецца дзве катэгорый людзей: тыя, хто не верыць у існаванне злога духа (яны сцвярджаюць, што ёсць толькі адсутнасць дабра ці рассеянае зло), і тыя, хто паўсюль бачыць праявы нячыстага. Мне самому неаднаразова даводзілася сустракаць вернікаў, якія ва ўсіх сваіх праблемах вінавацяць д’ябла, каб зняць адказнасць з сябе. Але гэта дзве крайнасці – праўда дзесьці пасярэдзіне. Падобным чынам трэба разглядаць і вышэйзгаданую сітуацыю.
Хрысціянскія інтэрнэт-парталы, дзе можна сустрэць крытычны падыход да сеткавага маркетынгу, звычайна выказваюць наступнае меркаванне.
“Сеткавы маркетынг уваходзіць у рамкі паняцця эканамічнай секты. Існуе памылковае мяркаванне, нібы слова “секта” мае характар выключна рэлігійны, што можа ўсыпіць нашую пільнасць і падвергнуць уздзеянню тэрапеўтычных, адукацыйных ці эканамічных сект.
Агульная ідэя сеткавага маркетынгу заключаецца ў тым, што ўсе пасярэднікі продажу карыстаюцца прадукцыяй адной фірмы. Таму заробкі дыстрыб’ютара ў большасці залежаць не ад продажу тавараў, але ад колькасці асобаў, якіх ён прывёў у гэты бізнэс.
Каб завербаваць чалавека, прадстаўнікі фірм, якія дзейнічаюць у рамках сеткавага маркетынгу, выкарыстоўваюць розныя маніпуляцыйныя тэхнікі, пераконваючы асобу ў тым, што яна сама з’яўляецца гаспадаром свайго жыцця і з дапамогай сілы розуму можа дасягнуць неверагодных фінансавых вышынь. Пагружаючыся ў тэалогію поспеху і спажывальніцтва, чалавек не заўважае, як грошы становяцца для яго ідалам. У падобнай сістэме цяжка знайсці месца для Бога”.
Я ўспамінаю словы св. Пятра, які кажа: “Будзьце цвярозымі”. На маю думку, у прыведзеным пытанні цвяроза глядзець на сітуацыю значыць разумець, што злы дух не ўвойдзе ў жыццё чалавека праз тое, што той намыліўся шампунем.
Але калі мы ведаем, што прадстаўнікі фірмы, прадукцыю якой мы хочам набыць, працуюць не паводле Божых запаведзяў, трэба задаць сабе пытанне, навошта нам купляць іх тавар?
Калі, напрыклад, я ўпэўнены, што для прадстаўнікоў дадзенага прадпрыемства грошы з’яўляюцца ідалам, што гэтыя людзі “ідуць па галавах” дзеля таго, каб іх бізнес квітнеў, або сродкі, якія яны атрымліваюць ад продажу сваёй прадукцыі, ідуць на падтрымку антыхрысціянскіх ініцыятыў, я не стану іх кліентам. Бо інакш я буду ахвяраваць грошы шэфству, якое вызнае царства д’ябла. І, зразумела, у такім выпадку буду больш падвергнуты ўздзеянню злога духа.
З малітвай, кс. Чэслаў Паўлюкевіч