Skip to main content

Ці могуць спінэры нанесці шкоду або з'яўляюцца бяскрыўднымі?

 

fidget 2363069 1280Хвала Хрысту! У апошні час моцнай папулярнасцю сярод дзяцей цешацца спінэры – забаўляльныя круцільныя цацкі. Хлопцы і дзяўчаты захапляюцца імі і паўсюль носяць з сабой. На жаль, даводзілася чуць шмат негатыўных рэчаў пра спінэры. Напрыклад, калі дзіця бярэ яго вялікім і паказальным пальцамі, тры вольных пальца складваюцца ў форме трох шасцёрак – “знаку д’ябла”. Ці з’яўляюцца спінэры бяскрыўднымі або сапраўды могуць нанесці шкоду? Марыя Жамойда

Шчыра кажучы, я крыху здзіўлены “бумам” на гэтыя цацкі. Але, мне падаецца, гэта проста ўздзеянне моды: пройдзе год, і папулярнымі стануць новыя захапленні.

А цяпер адносна Вашага пытання. Каб адказаць на яго, прапаную спачатку звярнуцца да гісторыі ўзнікнення спінэраў.

Вікіпедыя прадстаўляе нам дзве версіі. Абедзве прыпісваюць аўтарства Кэтрын Хэцінгер, інжынеру-хіміку па адукацыі, якая стварыла цацку яшчэ ў 1990-я гады.

У інтэрв’ю для “The New York Times” яна сказала, што ідэя спінэра прыйшла пасля таго, як яна ўбачыла ў Ізраілі арабскіх хлопчыкаў, што кідалі камяні ў паліцэйскіх. У адказ на гэта ёй захацелася стварыць цацку, якая б дапамагала дзецям вызваляць назапашаную энергію. У той самы час у інтэрв’ю для “The Guardian” жанчына адзначыла, што стварыла цацку для сваёй дачкі, каб дапамагчы ёй абстрагавацца ад сіндрома паталагічнай мышачнай стамляльнасці, на які тая пакутавала.

Сёння сапраўды можна сустрэць шмат публікацый, дзе гаворка ідзе пра пазітыўнае ўздзеянне спінэраў. Напрыклад, што яны дапамагаюць зняць стрэс асобам у дэпрэсіі і прыносяць карысць аутыстам. Часта таксама можна спаткаць выказванні, што гульня са спінэрам дапамагае дзіцяці быць больш сканцэнтраваным, калі гэта неабходна. Негатыўных артыкулаў, дзе заяўляюць, што спінэры – гэта выдумка д’ябла, таксама хапае. Але на сённяшні момант афіцыйнага вучэння Касцёла на тэму выкарыстання спінэраў няма.

Такім чынам, прааналізаваўшы розныя артыкулы і ўбачыўшы рэакцыю дзяцей і дарослых на гэтыя цацкі, магу сказаць наступнае. Думаю, добрай аналогіяй да карыстання спінэрам з’яўляецца прыклад выкарыстання інтэрнэта. У сусветнай павуціне сустракаецца шмат добрых, пазнавальных, хрысціянскіх сайтаў. А ёсць дэструктыўныя, бессэнсоўныя і амаральныя. І пытанне добрага ці дрэннага ўздзеяння інтэрнэта толькі ў тым, якія старонкі мы праглядваем і дзеля чаго. Падобную сітуацыю можна назіраць і з выкарыстаннем тэлефона, камп’ютара ці Playstation.

Так і са спінэрам. Сам па сабе ён не з’яўляецца чымсьці дрэнным. Уся справа ў тым, як яго выкарыстоўваць. Калі дзіця цалкам паглынута гульнёй, закінула свае штодзённыя абавязкі і іншыя хобі, тады сапраўды варта адмежаваць яго ад гэтай цацкі. Калі ж спінэр спрыяе зняццю стрэсу, дапамагае адцягнуць увагу дзіцяці ад празмернага сяджэння за камп’ютарам і павысіць узровень канцэнтрацыі – не бачу праблемы ў яго выкарыстанні.

У кожным выпадку, дазваляць ці не дзецям гуляць са спінэрам – вырашаць толькі бацькам. У залежнасці ад таго, як гэтая цацка ўплывае на іх хлопцаў і дзяўчат.

З малітвай, кс. Андрэй Лішко

 

 

Рэдагавана: 13 Ліпеня 2017