Колькі разоў ў дзень можна прымаць святую Камунію і праз які прамежак часу? Напрыклад, чалавек прысутнічаў на Імшы, прыняў святую Камунію, а пасля ў гэты ж дзень яго запрасілі, ці самому захацелася прыйсці яшчэ раз у касцёл. Ці можа ён другі раз прыняць Цела Хрыста? Таццяна
У Евангеллі паводле Яна ў 6 раздзеле можна прачытаць выказванні Езуса Хрыста аб спажыванні Яго Цела і Крыві. Гэты фрагмент дае магчымасць зразумець, чым з’яўляецца святая Камунія. Але колькі разоў можна яе прымаць?
Паводле навучання Касцёла, Камунія прымаецца падчас Імшы (Кодэкс кананічнага права Каталіцкага Касцёла, кан. 918). Калі хтосьці па ўважлівай прычыне (напрыклад, па стане здароўя) не можа ўдзельнічаць ў літургіі, яму дазваляецца прыняць Камунію па-за Імшой згодна з літургічнымі абрадамі.
Другі раз у той самы дзень чалавек можа прыняць Цела Хрыста толькі падчас поўнага ўдзелу ў Эўхарыстыі. Кодэкс называе важную ўмову: каб прыняць святую Камунію другі раз, асоба павінна ўдзельнічаць у цэлай Імшы. Чаму існуе такое патрабаванне? Бо святая Камунія з’яўляецца неад’емнай часткай Імшы – кульмінацыйным момантам, калі чалавек яднаецца з Богам і іншымі людзьмі. Слова “камунія” (communio) у перакладзе з лацінскай мовы азначае супольнасць, адзінства, узаемную сувязь. Удзельнічаць ў Эўхарыстыі і не прыняць Цела Хрыста (калі не перашкаджае цяжкі грэх) – гэта нібы сядзець за сталом, поўным ежы, і нічога не есці, не размаўляць з людзьмі, якія сядзяць побач.
Кодэкс кажа пра адзінае выключэнне, калі дазваляецца прыняць святую Камунію другі раз на працягу дня без поўнага ўдзелу ў Імшы (кан. 921 – Віятык). Такое права даецца людзям у выпадках, калі ім пагражае небяспека смерці.
З пашанай, а. Павел Федаровіч МІС