У Касцёле цяжкі грэх называюць смяротным грахом. Што гэта азначае? Андрэй, 21 год
Адказвае а. Павел Федаровіч МІС
Калі чалавек здзяйсняе цяжкі грэх, гэта вядзе да “духоўнай смерці” ў адносінах з Богам. У выніку ён можа трапіць не ў неба (жыццё вечнае), а ў пекла (вечная смерць). Па гэтай прычыне цяжкі грэх называецца грахом смяротным.
Грэх лічыцца смяротным пры наяўнасці адначасова трох умоў: сур'ёзнай матэрыі, поўнай свядомасці і добраахвотнасці. Сур'ёзнасць матэрыі вызначаецца дзесяццю Божымі запаведзямі. Поўная свядомасць азначае, што чалавек ведае пра грэшнасць учынку, г.зн., пра тое, што ўчынак супярэчыць Божаму ці маральнаму закону. Пад добраахвотнасцю маецца на ўвазе свабодная згода чалавека - ён без прымусу здзяйсняе дрэнны ўчынак.
З пашанай, а. Павел