Цi дазваляе Касцёл жанчыне з дыягназам бясплоддзе рабіць ЭКА Людміла, 30 гадоў
Адказвае кс. Андрэй Радзевіч
Няздольнасць зачаць дзіця з’яўяляецца сапраўднай драмай для сужэнцаў і часта выклікае глыбокі крызіс у сямейным жыцці. Таму зразумела, чаму лекары імкнуцца вырашыць праблему бясплоддзя з дапамогай усіх магчымых спосабаў. Але ці права нарадзіць і выхаваць дзіця з’яўляецца абсалютным? Ці апраўдвае выкарыстанне ўсялякіх метадаў дзеля паспяховага зачацця?
Перш за ўсё неабходна ўлічваць, што кожны чалавек мае права быць зачатым у акце любові сужэнцаў. Апладненне „in vitro” не ўлічвае гэтай умовы. Дзіця павінна быць дарам, а не “прадуктам”, які замовілі дарослыя. Штучнае апладненне палягае менавіта на “вырабе” дзіцяці. Пракрэацыя ператвараецца ў рэпрадукцыю. Ніхто ў гэтай сітуацыі не ўлічвае годнасць зачатага дзіцяці. Наўрад ці потым прыемна даведацца, што прыйшоў на свет не ў выніку любові бацькоў, але быў “замоўлены” і “выраблены”.
Іншай маральнай праблемай „in vitro” з’яўляецца тое, што яго ажыццяўленне патрабуе вялікай колькасці апладненняў. Метад заснаваны на правядзенні кіраванай гармонамі авуляцыі і адборам яйкаклетак, якія ў лабараторных умовах злучаюцца са сперматазоідамі партнёра і на працягу некаторага часу гадуюцца ў “прабірцы”. Як правіла, выкарыстоўваюцца не ўсе эмбрыёны: частка знішчаецца, частка падлягае замарозцы. Гэта можа быць абумоўлена еўгенічнымі, эканамічнымі ці псіхалагічнымі метадамі. Аднак ва ўсіх выпадках чалавечая істота свядома знішчаецца або выкарыстоўваецца для розных мэтаў, што падобна да працэдуры аборту.
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла адносна штучнага апладнення гаворыць: “Яно з’яўляецца амаральным, бо аддзяляе нараджэнне ад акту, у якім сужэнцы ўзаемна аддаюць сябе адно аднаму, і ўстанаўлівае такім чынам перавагу тэхнікі над паходжаннем і над лёсам чалавечай асобы. Такая перавага супраціўляецца годнасці і роўнасці, якія ўласцівыя як бацькам, так і дзецям” (KKK 2377).
З пашанай, кс. Андрэй