Чаму ў Касцёле жанчына не можа несці святарскую паслугу? Вольга, 33 гады
Адказвае кс. Віталь Сідорка
Катэхізіс Касцёла вельмі выразна гаворыць, што “сакрамант пасвячэння можа атрымаць толькі ахрышчаны мужчына”. Акрамя таго, Папа Ян Павел II у сваім апостальскім пасланні Ordinatio Sacerdotalis з 1994 года падкрэслівае (цытуючы пры гэтым свайго папярэдніка Папу Паўла VI), што жанчына не можа прыняць святарскую паслугу з некалькіх прычын: біблейскае сведчанне адназначна сцвярджае, што Хрыстос на апостальскае служэнне выбірае толькі мужчын, а сталая практыка Касцёла пацвярджае дадзенае палажэнне. Нарэшце, вучэнне эклезіяльнага Магістэрыўма паслядоўна абвяшчае, што пасвячэнне жанчын нязгодна з намерам Бога адносна свайго Касцёла.
На маю думку, вышэй прыведзеныя сцісла тэалагічныя аргументы могуць быць адказам на пытанне. Праблема толькі ў тым, што дыскусія адносна пасвячэння жанчын вельмі часта выходзіць па-за межы тэалогіі, закранаючы шырокі спектр сацыякультурных працэсаў, такіх як эмансіпацыя жанчын, феміністычны рух, сэксізм і г.д. Для таго, каб пазбегнуць гэтай памылкі і не паддацца на рознага роду правакацыі, неабходна ўсведамляць, што святарства – гэта не прывілей, які падкрэслівае большую годнасць мужчыны, а місія служэння.
З пашанай, кс. Віталь