Як доўга пасля споведзі можна прымаць Святую Камунію? Ірына, 51 год
Адказвае кс. Ян Раманоўскі
У Святым Пісанні можам прачытаць такія словы: “Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень". (Ян 6, 53–54).
Гэты фрагмент паказвае нам важнасць спажывання Хрыстовага Цела. Перш за ўсё таму, што прыняцце Хрыста ў постаці Хлеба з’яўляецца магчымасцю валодання “жыццём у сабе”, а таксама задаткам вечнага жыцця і ўваскрашэння ў апошні дзень. Мы як хрысціяне павінны ўсведамляць важнасць і каштоўнасць прыняцця Хрыстовага Цела ў святой Камуніі. Толькі часам узнікае пытанне, як часта гэта рабіць і як доўга пасля сакраманту пакаяння?
Касцёльны наказ, а таксама Кодэкс кананічнага права падаюць, што кожны вернік, пасля таго, як упершыню прыняў Найсвяцейшую Эўхарыстыю, мае абавязак прымаць яе хаця б раз на год (параўн. ККП 920). Падобна і Катэхізіс каталіцкага Касцёла заахвочвае, каб вернікі заўсёды прымалі св. Камунію, калі ўдзельнічаюць у Эўхарыстыі, абавязваючы іх да гэтага як мінімум адзін раз на год, асабліва ў Велікодны перыяд. Але з іншага боку, Касцёл рэкамендуе прымаць Найсвяцейшую Эўхарыстыю ў нядзелю і святочныя дні або часцей, нават штодзённа (параўн. ККК 1389).
З гэтага вынікае, што не трэба быць мінімалістам у справе прыняцця Хрыстовага Цела, а сілкавацца эўхарыстычным Хлебам нават штодзённа. Рабіць гэта можа кожны, хто не здзейсніў пасля апошняй споведзі цяжкага* граху. Сама Cвятая Камунія мае моц вызвалення ад паўсядзённых грахоў**, а гэта значыць, што не абавязкова хадзіць да споведзі кожныя пару дзён з кожным лёгкім грахом, каб прыняць Камунію. Паўсядзённыя грахі прабачаюцца, калі мы абуджаем у сэрцы жаль за іх, таму на пачатку кожнай св. Імшы мы прамаўляем малітву ўсеагульнай споведзі і просім аб прабачэнні паўсядзённых грахоў. Але трэба памятаць, што ў гэтых грахах трэба прызнацца на бліжэйшай споведзі. Важна таксама памятаць, што нельга вельмі доўга трываць у лёгкіх грахах. Таму Касцёл часта рэкамендуе спавядацца з іх прыкладна раз на месяц.
*Смяротным з'яўляецца такі грэх, які датычыць сур'ёзнай матэрыі і, акрамя таго, учынены цалкам свядома і цалкам дабравольна. Сур'ёзнасць матэрыі вызначаецца дзесяццю запаведзямі. Безумоўна, цяжкасць розных грахоў адрозніваецца: напрыклад, забойства цяжэйшае за крадзеж, а злачынства, накіраванае супраць бацькоў, цяжэйшае, чым супраць чужога чалавека. Поўная ўсвядомленасць азначае веданне чалавекам грэшнага характару ўчынку, яго супярэчнасць закону Божаму. Пад дабравольнасцю маецца на ўвазе згода настолькі свабодная, што яе можна лічыць асабістым выбарам чалавека.
**Штодзённы грэх мы здзяйсняем тады, калі не захоўваем меры, прадпісанай нам маральным законам адносна лёгкай матэрыі, або калі не падпарадкоўваемся маральнаму закону адносна сур'ёзнай матэрыі, але не зусім свядома ці дабравольна.
Паводле "Слова Жыцця"