Я паходжу з в. Баруны. Падчас касцёльных урачыстасцей большасць іерархаў і святароў звяртаюцца да нас на св. Імшы па-польску. Многім людзям незразумела тлумачэнне Божага слова на няроднай мове. Упэўнены, што такая праблема існуе і ў іншых парафіях. Растлумачце, чаму духавенства нашай дыяцэзіі прапаведвае Евангелле на мове, незразумелай для вялікай часткі насельніцтва? Васіль, 30 гадоў
Адказвае кс. Антоній Грэмза
Клопат пра тое, каб кожны вернік разумеў і ўспрымаў сэрцам Божае Слова, з’яўляецца адной з галоўных задач каталіцкага Касцёла. Дзеля дасягнення гэтай мэты ўлічваюцца разнастайныя нацыянальныя і культурныя спляценні, якія мелі месца ў гісторыі таго ці іншага народа.
Прапаведванне Евангелля на польскай мове ў нашай дыяцэзіі абумоўлена спецыфікай Гродзенскага рэгіёну. Існуе пакаленне вернікаў, якое выхоўвалася ў часы, калі ў касцёлах з амбоны гучала толькі польская мова. Яна дамінавала на працягу ўсяго існавання каталіцкага Касцёла на нашых землях. Зважаючы на гэта, варта ўшанаваць людзей, якія жадаюць маліцца і слухаць казанні на звыклай ім мове.
Мова набажэнстваў не павінна ствараць падзелаў паміж людзьмі. Несучы паслугу ў парафіі, ксёндз павінен распазнаваць сітуацыю і звяртацца да вернікаў на зразумелай для іх мове. У выпадку, калі святар прапаведуе на мове, якая з’яўляецца перашкодай для зразумення Слова нават для невялікай групы вернікаў з парафіі, неабходна асабіста звярнуцца да ксяндза і абмеркаваць гэтую справу. Святар, які сапраўды клапоціцца пра духоўнае жыццё і збаўленне сваіх парафіянаў, прыслухаецца да людзей, сярод якіх выконвае душпастырскія абавязкі, і зробіць усё, каб вырашыць узніклую праблему.
З пашанай, кс. Антоній