Ці існуюць выпадкі, калі Касцёл дапускае стэрэлізацыю? Якое мае стаўленне да працэдуры перавязкі матачных труб дзеля таго, каб адкласці цяжарнасць? Алена, 42 гады
Адказвае кс. Аляксандр Сямінскі
Стэрэлізацыя дапушчальна ў тым выпадку, калі матка пасля родаў або з-за кесарава сячэння пашкоджана настолькі, што па медыцынскіх паказаннях неабходна яе поўнае выдаленне (гістэрактамія), каб пазбегнуць сур'ёзнай небяспекі для жыцця і здароўя маці. Праводзіць такую аперацыю дазваляецца, паколькі яна мае непасрэдна тэрапеўтычны характар, хоць і прадбачыцца канчатковае бясплоддзе. Мэта аперацыі ў дадзеным выпадку заключаецца ў тым, каб пазбегнуць сур'ёзнай і актуальнай небяспекі для жанчыны, незалежна ад наяўнасці цяжарнасці ў будучыні.
У выпадку, калі матка (напрыклад, пасля родаў) знаходзіцца ў стане, які не пагражае непасрэдна жыццю і здароўю жанчыны, але мяркуецца, што яна не зможа выносіць цяжарнасць без рызыкі (нават сур'ёзнай) для яе, то выдаляць матку недапушчальна.
Недапушчальнай з'яўляецца таксама замена гістэрактаміі працэдурай перавязкі матачных труб, улічваючы, што пераследуецца тая ж мэта - папярэджанне верагоднай цяжарнасці, - але з дапамогай менш складанай працэдуры для лекара і менш рызыкоўнай для жанчыны.
Апошніх два прыклада трапляюць пад катэгорыю прамой кантрацэпцыі, якая асуджаецца Касцёлам. Але існуюць іншыя маральна дапушчальныя шляхі пазбягання цяжарнасці.
Перш за ўсё маюцца на ўвазе метады натуральнага планавання, заснаванага на распазнанні плодных і няплодных дзён жаночага цыклу. Звяртаючыся да гэтых метадаў, хрысціянін ідзе шляхамі Гасподнімі, не парушаючы Божую задуму адносна чалавечай сэксуальнасці. "Ужыванне гэтых метадаў заснавана на пашане да цела мужа і жонкі, яно падтрымлівае пяшчотную сувязь паміж сужанцамі і спрыяе выхаванню сапраўднай свабоды" (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 2370).
Гэты метад не такі "просты", як стэрылізацыя, - ён патрабуе пэўных намаганняў і кантролю над сабой, паколькі прадугледжвае назіранне і перыяды ўстрымання.
Метады натуральнага планавання, заснаваныя на саманазіраннях жанчыны, такія як сімптатэрмальны, на жаль, мала вядомыя на постсавецкай прасторы, у тым ліку і сярод лекараў. Яго надзейнасць значна вышэй надзейнасці штучнай кантрацэпцыі, паколькі ненадзейнасць штучнай кантрацэпцыі выкліканая выпадковасцю, у той час як натуральнае планаванне - гэта свядомы падыход да сужанскіх адносін. Пры правільным яго ўжыванні, калі пара сапраўды павінна адкласці дзетанараджэнне, муж і жонка дастаткова матываваныя, каб практыкаваць перыядычнае ўстрыманне, вучыцца кантраляваць свае інстынкты і паважліва ставіцца да любімага чалавека.
Навучыцца гэтых метадаў можна ў "Каталіцкай сямейнай кансультацыі", якая знаходзіцца па адрасе: г. Гродна, вул. Карла Маркса 24 (насупраць пабрыгіцкага касцёла). Кансультант па сямейным жыцці і інструктар па планаванню сям'і прымаюць па серадах з 18.00 да 20.00. Папярэдне азнаёміцца з сімптатэрмальным метадам можна ў кнізе А.А. Шмакава "Метады распазнання фертыльнасці ці калі магчыма зачацце" або Яцка Пулікоўскага "Жыць у згодзе (гармоніі) з чалавечай прыродай". Іх можна набыць у краме па адрасе: г. Гродна, вул. Карла Маркса 4.
З пашанай, кс. Аляксандр