Скажыце, калі ласка, ці забараняе Касцёл кадзіравацца ад залежнасцей? У маім выпадку ад харчовай. Вага ўжо вельмі вялікая, пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем, а ў меня самой не атрымліваецца справіцца з гэтай праблемай. Марыя, 30 гадоў
Адказвае а. Аркадзь Куляха OCD
Гэтае пытанне будзе цікавым як для жанчын, так і для мужчын, таму што датычыць важных сфер жыцця - здароўя і ўнутранай свабоды.
Аўтар пытання закранае справу пераядання, што, у сваю чаргу, прыводзіць да павелічэння вагі, незадаволенасці сваім знешнім выглядам, можа быць прычынай узнікнення сур'ёзных хваробаў (не толькі фізічных, але псіхічных і духоўных).
Залежныя асобы знаходзяцца ў асаблівай сітуацыі, звязанай з абмежаваннем іх свабоды. Нягледзячы на прычыну ўзнікнення залежнасці, такі чалавек патрабуе адпаведнай дапамогі - у першую чаргу сваіх бліжніх, а таксама людзей, якія займаюцца лячэннем залежнасцей на прафесійным узроўні. Жыццёвы досвед вучыць, што працэс выхаду з залежнасці патрабуе часу, цярплівасці і цяжкай працы над сабой. У некаторых, асабліва складаных выпадках, неабходна прайсці курс лячэння ў спецыяльных медыцынскіх установах.
У сувязі з тым, што святар не з'яўляецца спецыялістам у галіне медыцыны, я не спакушуся даць дакладны адказ на пытанне, ці забараняе Касцёл кадзіравацца ад залежнасцей. Клопат пра жыцццё і здароўе ў фізічным, псіхічным і духоўным вымярэннях з'яўляецца часткай навучання Касцёла, якое гаворыць аб тым, што чалавек павінен згодна са сваім сумленнем прымаць такія рашэнні, якія дапамогуць яму рэалізаваць Божы план у сваім жыцці. Кадзіраванне ад залежнасцей - гэта адзін з метадаў, якія свет прапануе сучаснаму чалавеку, і адносна якога існуюць шматлікія меркаванні - ад пазітыўных да негатыўных.
Напрыклад, у Вікіпедыі аўтар артыкула пра кадзіраванне вельмі негатыўна ацэньвае гэты метад, называе яго шарлатанствам. Сапраўды, метад кадзіравання не падаецца быць дастаткова даследаваным, і на сённяшні момант мы маем занадта мала інфармацыі, каб ацаніць гэты спосаб лячэння з маральнага пункту гледжання. Калі меркаванне, размешчанае у Вікіпедыі, з'яўляецца абгрунтаваным, то выкарыстанне кадзіравання трэба прызнаць не толькі амаральным, але і нязгодным са здаровым сэнсам.
У сувязі з вышэйузгаданым трэба адзначыць, што веруючая асоба, якая разглядае варыянт кадзіравання, павінна захоўваць вялікую асцярожнасць і пільнасць, каб выбраць сапраўды бяспечны метад лячэння, няхай нават гэта будзе звязана з працяглым працэсам рэгенерацыі арганізму, сферы фізічнай і духоўнай. Неабходна, каб чалавек ацаліўся цалкам i быў здольны прымаць свядомыя, дабравольныя і доўгатэрміновыя рашэнні адносна сваёй будучыні. Неацэннай у гэтай сітуацыі будзе малітоўная дапамога з боку родных і сяброў залежнага.
Напрыканцы варта таксама нагадаць, што Катэхізіс Каталіцкага Касцёла перасцерагае вернікаў ад практыкаў, звязаных з магіяй ці зваротам да д'ябла. Выкарыстоўваючы розныя метады лячэння залежнасці, неабходна таксама спытаць, якой моцай праводзіцца тая ці іншая тэрапія. Нашае грамадства патрабуе хрысціянскіх псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, псіхіятараў і ўрачоў, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца прынцыпамі Евангелля. Са свайго боку вернікі павінны старацца (наколькі гэта магчыма) шукаць і карыстацца дапамогай такіх спецыялістаў.
З малітвай, а. Аркадзь