"Якая розніца паміж індывідуальнай малітвай і св. Імшой з замоўленай інтэнцыяй?" Ангеліна, 23 гады.
Адказвае кс. Дзмітрый Леўчык
Паводле ККК, св. Імша – “гэта ахвяра Цела і Крыві Езуса Хрыста, якую Ён устанавіў, каб увекавечыць ажно да свайго прыйсця ахвяру Крыжа, даручаючы такім чынам Касцёлу ўспамін сваёй смерці і ўваскрасення”. Інакш кажучы, гэта асноўная падзея з жыцця Езуса, у якую мы трапляем, пераадолеўшы бар'еры часу і прасторы.
Ад пачатку стварэння людзі прыносілі Богу розныя ахвяры. Але па прычыне граху гэтыя ахвяры не маглі падабацца Богу. Таму Ён у міласэрнасці сваёй паслаў у свет Свайго Адзінароднага Сына, які ахвяраваў сябе дзеля адпушчэння грахоў свету. Гэтую падзею мы ўспамінаем падчас кожнай св. Імшы. Тым самым спраўджваецца сапраўдная і найвышэйшая ахвяра, якую Сын Божы прыносіць Айцу за ўсё чалавецтва.
Касцёл вучыць, што існуе некалькі відаў плёнаў св. Імшы, сярод якіх – агульны і асаблівы. Агульны плён вынікае з ахвяры святара, якую ён складае за Касцёл, г. зн. за ўсіх людзей: жывых і памерлых. Гэты плён здзяйсняецца нават пры адсутнасці спецыяльнай інтэнціі. Асаблівы плён дорыць св. Імша ў выніку выразнага намеру святара, які цэлебруе Імшу і моліцца ў вызначанай інтэнцыі. Менавіта гэты тып плёну Эўхарыстыі маюць на ўвазе вернікі, калі “замаўляюць” Імшы ў святароў. Але гэта не азначае, што ўсе, хто ўдзельнічае ў набажэнстве, абавязаны прадставіць Богу дадзеную інтэнцыю. Кожны веруючы можа ўдзельнічаць у Імшы з уласным намерам.
Касцёл выразна гаворыць пра тое, што ўдзел у св. Імшы праз Эўхарыстыю кожнага з нас напаўняе ласкай і благаслаўленнем неба, узмацняе ў пілігрымаванні па зямным жыцці і абуджае прагу вечнага жыцця, ужо цяпер яднае з Хрыстом, які сядзіць праваруч Айца, з нябесным Касцёлам, благаслаўлёнай Дзевай і ўсімі святымі (ККК 1402-1405). Асабістая малітва, нягледзячы на вялікую вартасць, не можа запэўніць нам такую вялікую ласку.
З малітвай, кс. Дзмітрый