Паводле новага ўказу Папы Францішка, разведзеныя людзі могуць прыступаць да споведзі і св. Камуніі. Гэта ж тычыцца і людзей, якія ўступілі ў паўторны шлюб, ці не?
Адказвае а. Віталь Слука
Кажучы пра людзей, якія развяліся і пабудавалі новыя адносіны, варта звярнуцца да слоў самога Папы Францішка, які падчас адной са сваіх аўдыенцый сказаў, што людзі, якія апынуліся у такой сітуацыі, "ні ў якай меры не з'яўляюцца адлучанымі ад супольнасці Касцёла, але застаюцца яе членамі". Святы Айцец таксама падкрэсліў: "Нягледзячы на тое, што разведзеныя людзі, якія маюць новыя адносіны, не могуць прымаць святую Камунію, яны не павінны перастаць наведваць св. Імшу".
Інакш кажучы, навука Касцёла адносна таго, ці могуць разведзеныя людзі, якія ўступілі ў паўторны шлюб, прыступаць да сакрамантаў споведзі і св. Камуніі, застаецца нязменнай: мужчына і жанчына, якія развяліся і вядуць сэксуальнае жыццё, не могуць прыступаць да гэтых сакрамантаў.
Прыступаць да сакрамантаў споведзі і св. Камуніі яны могуць толькі ў тым выпадку, калі адмовіліся ад сэксуальнага сужыцця.
З пашанай, а. Віталь