Хто такі Антыхрыст? Аляксей, 26 гадоў
Адказвае кс. д-р Аляксандр Мацкевіч
Слова Антыхрыст (па-грэцку аntichristos) сустракаецца ў Новым Запавеце толькі 5 разоў, выключна ў Першым і Другім Пасланнях св. Яна (1 Ян 2:18 [2 разы], 22; 4:3; 2 Ян 7). У грэцкай мове гэтае слова ўяўляе сабой назоўнік сhristos з прыстаўкай anti-. Тэрмін christos даслоўна азначае памазаннік і з'яўляецца эквівалентам габрэйскага слова месія. Дарэчы, менавіта такое значэнне мае слова Хрыстос, калі яно ўжываецца ў адносінах да Езуса: Хрыстос - гэта "функцыя", "заданне", "місія" Езуса, а не Яго "прозвішча", як памылкова думаюць многія. Прыстаўка anti-, якую "запазычылі" з грэцкай многія сучасныя мовы, мае два сэнсавых адценні: яна можа азначаць "замест" альбо "супраць". Таму, з этымалагічнага пункту гледжання, слова Антыхрыст можна разумець як "той, хто займае месца Хрыста", "хто ставіць сябе на месца Хрыста", ці "супраціўнік Хрыста". Большасць бібліёлагаў аддае перавагу другому тлумачэнню слова, хоць можна заўважыць, што абодва значэнні не супярэчаць адзін аднаму, а хутчэй ўзаемна сябе дапаўняюць.
Калі ўважліва прачытаем і супаставім усе тэксты, у якіх сустракаецца слова Антыхрыст (1 Ян 2:18,22; 2 Ян 7), то адразу заўважым, што яно ўжыта як у адзіночным, так і ў множным ліку. Як відаць з кантэксту, св. Ян мяркуе, што паняцце Антыхрыста і яго з'яўленне "ў апошнія часы", г. зн. перад канцом свету і Другім прыходам Хрыста, вядомыя чытачам Пасланняў. Да таго ж, фактычная прысутнасць і дзейнасць "многіх антыхрыстаў" указвае на тое, што апошнія часы набліжаюцца. Хоць Антыхрыст асабіста яшчэ не прыйшоў, ён ужо блізка. Многія антыхрысты з'яўляюцца як бы яго папярэднікамі, яны прасякнуты "духам Антыхрыста" і праз іх Антыхрыст ужо прысутнічае ў свеце.
Антыхрыстам і антыхрыстамі, якія яму папярэднічаюць, называюць у Бібліі падманшчыкаў і спакуснікаў, якія ўводзяць у зман і адводзяць ад праўды, бо адмаўляюць уцелаўленне Хрыста - сцвярджаюць, што Езус не з'яўляецца Месіяй. На думку многіх бібліёлагаў, з гістарычнага пункту гледжання магчыма, што апостал Ян, калі пісаў пра антыхрыстаў, меў на ўвазе паслядоўнікаў дакетызму або прыхільнікаў іншых гнастычных напрамкаў у раннім хрысціянстве, якія адмаўлялі чалавечую натуру Езуса Хрыста. На думку св. Яна, іх перакананні - гэта не проста дактрынальная памылка, а супрацьстаянне праўдзе, разбурэнне асновы хрысціянскай веры. Заўважым, што антыхрысты не праніклі ў супольнасць Касцёла звонку - яны выйшлі з самога Касцёла, і хоць пазней ад яго аддзяліліся, небяспека іх дзеянняў не знікла. Паміж Божым Духам і хлуслівым "духам Антыхрыста" ідзе жорсткая барацьба за валоданне чалавечым розумам.
Для паўнаты карціны неабходна адзначыць, што хоць слова Антыхрыст сустракаецца толькі ў Першым і Другім Пасланнях св. апостала Яна, само паняцце аб галоўным суперніку Бога і Месіі не абмежавана тэрмінам Антыхрыст. Ідэя супрацьстаяння Бога і прадстаўніка Сатаны, у разнастайных яе варыяцыях, прысутнічае як у Старым, так і ў Новым Запавеце, а таксама ў шматлікіх апакрыфічных творах міжзапаветнага перыяду.
На думку многіх аўтарытэтных навукоўцаў, комплекс вобразаў і персанажаў, якія ўвасаблялі ідэю сілы зла, варожай Богу, асабліва развіўся ў рэчышчы так званай апакаліптыкі - адмысловага жанру, які ўяўляе сабой спецыфічнае спалучэнне прарокавых, эсхаталагічных і міфалагічных матываў. У апакаліптыцы гісторыя свету прадстаўлена як жорсткае супрацьстаянне паміж Богам і сіламі зла, якія ўзначальвае Сатана. Гэтае супрацьстаянне ўзмацняецца і набліжаецца да свайго апагею, г. зн. да канчатковай баталіі, у якой Бог атрымае перамогу, а вораг назаўсёды пацерпіць паражэнне.
Гэты вораг, якім кіруе Сатана, часта прадстаўлены ў вобразе звера, пачвары, змея (пар. напр. Іс 27:1; Пс 89:10-11; Ёва 9:13; 26:12-13) і часам асацыюецца з канкрэтнымі гістарычнымі асобамі (Яр 51:34; Езэк 32:2).
У прароцтве Данііла, якое носіць выразную апакаліптычную афарбоўку, мы сустракаем вобраз "малога рога" (Дан 7-8), г. зн. цара, які зневажае Усявышняга і імкнецца знішчыць яго святых. Гэты вобраз непасрэдна звязаны з сірыйскім царом Антыёхам IV, жорсткім прыгнятальнікам за веру.
Гэтыя і іншыя старазапаветныя вобразы з'яўляюцца як бы "правобразам" новазапаветнага Антыхрыста. У Евангеллі сам Езус кажа пра "ілжэхрыстоў" (Мц 24:24; Мк 13:22), якія выдаюць сябе за месію (Мц 24:15; Мк 13:14), маючы на ўвазе канкрэтную асобу і падкрэсліваючы запазычанне гэтага вобразу з прароцтва Данііла. Апостал Павел у Другім Пасланні да Фесаланікійцаў (2 Фес 2) піша аб “чалавеку граху”, “сыне пагібелі, воразе Бога і Касцёла Хрыстовага. Ён будзе дзейнічаць як саўдзельнік Сатаны, з'яўляючыся ўвасабленнем усяго, што супрацівіцца Богу. Часткова ў яго атрымаецца спустошыць Касцёл і спакусіць некаторых вернікаў, але ў канчатковым выніку Хрыстос яго пераможа.
У Адкрыцці Яна (Апакаліпсісе) мы сустракаем вобраз звера (Адкр 13), відавочна, звязаны з урыўкам з прароцтва Данііла (Дан 7). Звер увасабляе ў сабе фігуру палітычнага правадыра, які з'яўляецца як бы "падробкай" Бога, творыць цуды, абяцае рашэнне ўсіх праблем і становіцца аб'ектам рэлігійнага пакланення. Сатана ўзбройвае яго ўсёй уладай, як свайго "хрыста", каб той дасягнуў сусветнага панавання. Ён нават імкнецца перашкодзіць Другому прыходу Хрыста. Аднак прыйсце праўдзівага Хрыста прыносіць канчатковае паражэнне звера і ілжэпрарока (Адкр. 19,19-20).
Ужо гэты кароткі агляд праблематыкі вобразу Антыхрыста, у розных яго камбінацыях і варыянтах, паказвае, што яго адназначная ідэнтыфікацыя з якой-небудзь гiстарычнай асобай цалкам немагчымая. Так, як у прароцтве Данііла "малы рог" гістарычна звязаны з царом Антыёхам, так нельга выключыць, што ў раннім хрысціянстве асобу Антыхрыста ідэнтыфікавалі з асабліва жорсткімі рымскімі імператарамі або іншымі заўзятымі ворагамі Касцёла. Нават некаторыя сучасныя каментатары і прапаведнікі, асабліва ў апакаліптычна арыентаваных плынях хрысціянства, атаясамліваюць Антыхрыста з якой-небудзь асабліва негатыўнай, на іх думку, асобай. Аднак кожная з такіх ідэнтыфікацый па-свойму непераканаўчая, як непераканаўчымі з'яўляюцца і спробы прадказання даты канца свету і адназначнага ўказання знакаў, нібыта ўжо сёння гэты канец блізкі.
У Бібліі ідэя Антыхрыста не мае асаблівага значэння. Гэта хутчэй маргінальны вобраз, пазбаўлены выразных характарыстык і канкрэтных дэталяў. Сярод бібліёлагаў нават існуе меркаванне, што Антыхрыст - гэта не столькі канкрэтная асоба, колькі прынцып актыўнага супраціву Богу, які можна бачыць увасобленым у розных людзях розных пакаленняў, якія выконваюць ролю ворагаў Бога і супольнасці Касцёла. Нягледзячы на розныя тлумачэнні, усё бібліёлагі згодныя з тым, што галоўная думка Бібліі, звязаная з ідэяй Антыхрыста - гэта ўпэўненасць у канчатковай, адназначнай перамозе Бога над ім, нягледзячы на сілу і глыбіню зла, а таксама на рэальнасць пагрозы, якую Антыхрыст сабой уяўляе.
З пашанай, кс. Аляксандр