Skip to main content

Ці можа Бог прамаўляць да нас праз сны?

sonШто Касцёл кажа пра сны? Ці маюць яны які-небудзь сэнс, ці могуць быць прарочымі? Ці можа Бог прамаўляць да нас праз сны? Дзіяна

Адказвае кс. Андрэй Лішко

 

Сон не з'яўляецца чымсьці звышнатуральным, і не трэба прыпісваць яму вялікае значэнне. Гэта нармальная, натуральная функцыя нашага арганізму, якая знаходзіцца па-за нашай свядомасцю.

Спецыяліст у вобласці псіхалогіі і сноў Карл Густаў Юнг вылучыў некалькі прычын узнікнення сноў. Па-першае, гэта знешнія фактары: калі чалавек спіць, ён можа рэагаваць на гукі ці запаленае святло. Па-другое, на сон уплывае нашае самапачуццё: вобразы могуць узнікаць па прычыне болю, які мы адчуваем. Сны таксама з'яўляюцца вынікам таго, што адбывалася з намі ў мінулым - часцей за ўсё гэта моманты, якія не даюць нам спакою. Уплыў маюць таксама падзеі, якія адбыліся непасрэдна перад засынаннем: прагледжаны фільм ці прачытаная кніга могуць вярнуцца ў сне. 

Касцёл не выключае, што Бог можа дзейнічаць праз сон, не забараняе тлумачыць сны, але папярэджвае, што да іх інтэрпрэтацыі трэба падыходзіць з асцярожнасцю.

Сны не павінны быць адным з вызначальных фактараў нашых паводзін або дзеянняў. Вялікай памылкай з'яўляецца выкарыстанне соннікаў, якія нібы палягчаюць тлумачэнне сноў. Іх празмерная інтэрпрэтацыя можа стаць забабонам. Да гэтага належыць, напрыклад, такое перакананне: прысніўся памерлы - чакай няшчасця. Мы не павінны тлумачыць сон з памерлым як знак блізкай бяды, але хутчэй як просьбу аб памяці ў малітве.

Касцёл гаворыць і пра тое, што існуе з'ява г. зв. прарочых сноў.

У Бібліі сон з'яўляецца сродкам камунікацыі Бога з чалавекам у тых месцах, дзе жывуць язычнікі. Напрыклад, у Новым Запавеце Анёл просіць Юзафа не баяцца ўзяць да сябе сваю цяжарную жонку, а потым - забраць маці і дзіця ў бяспечнае месца ў Егіпет. Таксама мудрацы з Усходу менавіта ў сне атрымалі загад не вяртацца да Ірада.

Трэба адзначыць, што ўсе гэтыя прыклады маюць сувязь з рэальнай сітуацыяй. Намагаючыся зразумець сон, варта разглядаць яго ў цэлым кантэксце.Тут таксама можна заўважыць дыяметральную розніцу паміж біблейскімі снамі і снамі ў язычніцкім асяроддзі. У язычніцкім свеце сон азначае пэўны знак, які трэба растлумачыць. У супрацьлегласць гэтаму, сон у Бібліі з'яўляецца дарам, які Бог сам неадкладна растлумачвае.

У сваю чаргу, і сярод святых ёсць тыя, хто меў прарочыя сны. Варта адзначыць, што сны гэтых людзей таксама былі неразрыўна звязаны з усім іх жыццём, не канцэнтраваліся на эгаістычных амбіцыях гэтых людзей, але вынікалі з высакароднага жадання чыніць дабро бліжняму. 

Чалавеку, які вядзе мірнае і справядлівае жыццё, будзе прасцей убачыць і зразумець Божыя знакі. 

З малітвай, кс. Андрэй

Рэдагавана: 24 Студзеня 2017