Ці з'яўляюцца аральныя ласкі паміж мужам і жонкай грахом (жывем у сужанстве, абодва каталікі)? Ці павінна жонка супраціўляцца, калі муж іх патрабуе? Ці з'яўляецца грахом перапынены палавы акт паміж мужам і жонкай? Ананімна
Адказвае кс. Андрэй Радзевіч
Зразумела, што пытанні адносна інтымнага жыцця з'яўляюцца вельмі важнымі. Не трэба саромецца іх задаваць, бо сэкс шчыльна зязаны з жыццём чалавека, якое ён атрымаў ад Бога як дар.
У хрысціянскім сужанстве палавы акт з'яўляецца асноўным інструментам, з дапамогай якога дзейнічае сакрамантальная ласка, належная сужанству. Праз сужанскую блізкасць дзве асобы імкнуцца да святасці. Таму цялесныя адносіны мужа і жонкі патрабуюць сталасці і пастаяннага клопату аб правільным узросце таго, што іх злучае.
Біблія не змяшчае падрабязных інструкцый адносна таго, як павінна выглядаць сэксуальнае жыццё сужанцаў. З іншага боку яна рашуча асуджае злоўжыванні ў сэксуальнай сферы. Можна было б тут адзначыць шмат тэкстаў са Старога і Новага Запавету.
Касцёл таксама не дае канкрэтных настаўленняў адносна гэтага, тое самае як ён не называе, на якім баку лепш спаць або ў які бок лепш расчэсвацца. А як павінен адбывацца палавы акт, якія пазіцыі можна прымаць, якія пяшчоты ўжываць? Тут каталіцкая этыка не дае падрабязных указанняў. Сужанцы могуць весці сваё сэксуальнае жыццё так, як ім заўгодна, могуць прымаць любую пазіцыю, выкарыстоўваць любыя ласкі, толькі каб гэта было часткай нармальнага, згоднага з прыродай суіснавання, падчас якога палавы чалец уваходзіць у похву і адбываецца адклад семені ў похве.
Крытэрыем добрага, этычнага сэксуальнага сужыцця ў сужанстве з'яўляецца сужыццё згоднае з прыродай. Менавіта гэты крытэрый дае адказ адносна аральнага сэксу. Калі пад аральным сэксам мы маем на ўвазе паводзіны, падчас якіх палавы чалец уводзіцца ў вусны жанчыны і там адбываецца эякуляцыя, то гэта з'яўляецца спрэчным з прыродай і адпаведна грахом. Вусны жанчыны не з'яўляюцца эквівалентам палавога чальца мужчыны, і не былі створаны для таго, каб прымаць мужчынскае семя. Для гэтых мэтаў існуе похва. І толькі такія сэксуальныя зносіны, мэта якіх - адклад семені ў похве, з'яўляюцца этычна добрымі і згоднымі з натурай.
Каталіцкая этыка дае мужу і жонцы вялікую свабоду. Не зачыняе іх суіснаванне ў жорсткія рамкі, дае ім магчымасць узбагаціць яе мноствам ласкаў, пазіцый, забаў і г. д.. Падчас сэксуальнага сужыцця муж і жонка могуць праяўляць сваю любоў рознымі спосабамі, адорваць адзін аднаго самымі вытанчанымі пяшчотамі. Мануальная і аральная стымуляцыі часта з'яўляюцца неабходнымі, але павінны быць скончаны адпаведным палавым актам.
Адносна другога пытання, ці павінна жонка супраціўляцца, калі муж прымушае яе да сэксуальнага акту? Сужанскі сэксуальны акт, як выраз адзінства і любові, ніколі не павінен прымаць постаць прымусу ці гвалту. Ён павінен адбывацца са згоды абодвух бакоў, быць вынікам дыялогу любові. Таму з аднаго боку жонка павінна заўсёды быць адкрытая на жаданні мужа, а муж павінен улічваць сітуацыі і самаадчуванне жонкі. Каталіцкая этыка называе некалькі прычын страты права на палавы акт:
- калі адзін бок здраджвае
- калі адзін з сужанцаў не можа выконваць людскія дзеянні; напр., п'яны муж
- калі жаданне сэксуальнага сужыцця ў аднаго сужанца з'яўляецца празмерным, псіхічна і фізічна знясільвае другога сужанца
- калі адзін з сужанцаў нездаровы псіхічна
- калі ў сям'і шмат дзяцей, і бацькі не ў стане выхаваць чарговае дзіця
- калі сужанец не клапоціцца пра сям'ю, прапівае ўсё, што зарабляе
- калі аднаго з сужанцаў б'юць і зневажаюць
- у выпадку венерычных захворванняў
У такіх выпадках палавы акт не быў бы выразам любові і знакам адданасці. Калі палавы акт у сужанстве не з'яўляецца выразам любові, г. зн., навязваецца адным з сужанцаў, то ён зяўляецца грахоўным. Таму няма абавязку мець палавыя кантакты з сужанцам, калі ён патрабуе сэксуальных зносін, не ўлічваючы, напр., здароўе, самаадчуванне, сумленне другой асобы.
Што датычыцца апошняга пытання адносна перапыненага палавога акту, які ў хрысціянскім асяроддзі інакш называюць сужанскім ананізмам, ён лічыцца кантрацэптыўным сродкам. Кантрацэпцыя неаднаразова асуджалася Касцёлам і лічыцца грахоўным дзеяннем, бо супярэчыць сапраўднай сужанскай любові. Палавыя акты, пазбаўленыя фертыльнасці і ўнутранае стаўленне сужанцаў, накіраванае супраць зачацця, з'яўляецца адмаўленнем годнасці асобы і шлюбнай любові, якая спаўняецца праз бацькоўства. Гэтае кантрацэптыўнае дзеянне мае свае негатыўныя наступствы. Перапынены палавы акт часта пазбаўляе жанчыну паўнаты сэксуальнага перажывання, што аказвае адмоўны ўплыў на яе фізічнае і псіхічнае здароўе. Гэты метад, з-за спосабу рэалізацыі (процідзеянне прыродзе, якая патрабуе натуральнай разрадкі), можа выклікаць стрэс у абодвух сужанцаў.
Сэнсам сужанскага акту з'яўляецца адзінства і бацькоўства. Бог, благаслаўляючы першых бацькоў, так прамаўляў да іх: "Расціце і размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе". (Кніга Роду 1, 27). Пасля дадаў: "Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёй; і будуць адным целам" (Кніга Роду 2, 24).
Менавіта таму мова ідзе пра будову сужанскага адзінства і перадачу жыцця. Сужанская любоў - яна чалавечая, поўная, выключная - верная і плённая. Гэтыя рысы азначаюць, што сужанцы адорваюць адзін аднаго ўзаемнай любоўю праз словы і жэсты, пры ўзаемным разуменні, даверы, шукаючы дабра адзін для аднаго. Свабодны выбар, які яны зрабілі, трывае аж да канца. Сужанскі акт служыць любові і жыццю, адкрывае людзей адзін на аднаго. Ён з'яўляецца цялесным адорваннем адзін аднаго паводле ўзору Божай любові - бескарыслівай аддачай сябе самога.
З пашанай, кс. Андрэй