Як змагацца са страхам перад споведдзю? Аляксей, 24 гады
Адказвае кс. Андрэй Кеўлюк
Страх перад сакрамантам споведзі – гэта нешта натуральнае; мы заўсёды адчуваем пачуццё страху перад нечым вельмі важным у нашым жыцці, нават перад тым, што зможа змяніць нашае жыццё ў лепшым напрамку.
Матуля адчувае страх перад нараджэннем дзіцяці, а пасля нараджэння радуецца, што дала жыццё новаму чалавеку, якога яна ахоўвала 9 месяцаў пад сваім сэрцам. Студэнт баіцца экзамену, а калі яго здасць - гатовы “скакаць да неба”. І такіх сітуацый мы з вамі перажываем за нашае жыццё вельмі шмат. Падобная сітуацыя і з сакрамантам споведзі. Мы адчуваем пачуццё страху перад тым, як укленчыць перад краткамі канфесіаналу, але якую палёгку адчуваем, калі Езус Хрыстус праз святара скажа нам: “Дарую табе твае грахі, бо моцна цябе люблю, ідзі і не грашы больш, Я давяраю табе і дапамагу змагацца са злом”, - і кожны з нас гатовы скакаць ад радасці, як кароль Давід у часе нясення Аркі Пана.
Страх перд сакрамантам споведзі – гэта перад усім боязь злога духа, які адчувае, што ў хуткім часе страціць сваю ўладу над чалавекам. І ён будзе старацца панаўляць гэты страх у кожным з нас праз розныя абставіны і ўгаворы: “гэты святар вельмі строгі, гэты замалады, гэты не падабаецца, схадзіў бы да таго, але ён далёка працуе і можа калі-небудзь я да яго з'езджу”. Адгаворак можна знайсці шмат.
Мы з вамі павінны памятаць, што Бог кожнага з нас вельмі моцна любіць, і што Ён нават не пашкадаваў дзеля нашага збаўлення Свайго Сына, але аддаў Яго за нас на мучаніцкую смерць на крыжы. І што кожны святар мае ўладу адпускаць грахі. А зрабіць жорсткія заўвагі нам, дзецям Божым, часам і трэба, каб мы зразумелі багна граху.
Бог – гэта Любоў і Прабачэнне. І ці такога Бога трэба баяцца?
З пашанай, кс. Андрэй