Я маю сябра, які вядзе актыўнае палавое жыццё са сваёй дзяўчынай: яны яшчэ не знаходзяцца ў шлюбе, але вяселле адбудзецца праз год. Пры гэтым ён спавядаецца з таго, што мае блізкасць са сваёй дзяўчынай. Ці мае сэнс такая споведзь і ці ўвогуле ў такім выпадку можна хадзіць да споведзі? Павел
Адказвае кс. Андрэй Лішко
Нашая сэксуальнасць сама па сабе з'яўляецца чымсьці добрым, нават благаслаўлёным Богам. Але існуе мяжа, якую людзі, якія яшчэ не жывуць у сакрамэнтальным сужанстве, не павінны перасякаць.
Кажучы пра сэксуальную блізкасць да шлюба, трэба нагадаць пра такое паняцце, як захаванне чыстасці перад шлюбам. Чыстасць - гэта маральная цнота, якая заключае ў сабе пашану ў думках, словах і ўчынках да сябе і іншых. Чалавек павінен глядзець на другога чалавека, асабліва на яго цела, як на Божае стварэнне, як на дзіцё Бога, і бачыць у ім не толькі прадмет для заспакаення сваіх жаданняў. Усе, хто імкнецца наследаваць Хрыста - узор чыстасці, пакліканыя жыць у чыстасці адпаведна ўласнаму жыццёваму стану: адны - жывучы ў дзявоцтве ці ў кансэкраваным цэлібаце; іншыя, жывучы ў сужанстве, ажыццяўляючы сужанскую чыстасць; нежанатыя і незамужнія - практыкуючы чыстасць ва ўстрыманні. У сэксуальнай сферы, як і ва ўсіх іншых, чалавек павінен слухаць Бога. Слухаць Бога, як стварэнні слухаюць свайго Творцу, а не папраўляць Ягонае вучэнне так, як будзе выгадна ім. Слухаць Бога больш, чым тое, што дыктуе сённяшні свет.
Маладыя людзі, падданыя такому выпрабаванню – закліку жыць у чыстасці ўстрымання да шлюбу - аказваюць адзін аднаму ўзаемную павагу, вучацца вернасці і надзеі, захоўваюы гэтую чыстасць. Думаю, дарэчныя тут будуць словы Маці Трэзы з Калькуты: "Гэта выдатна, што вы любіце (...) Але ж не знішчыце яе (любові). Трымайце яе ў чысціні пачуццяў. Трымайце вашыя сэрцы нявіннымі. Працягвайце захоўваць у чысціні сваю любоў, каб у дзень вашага вяселля маглі даць адзін аднаму нешта сапраўды прыгожае (...) - радасць чыстага кахання".
Дэкларацыя "Persona Humana" Кангрэгацыі Навукі Веры піша аб некаторых паняццях сэксуальнай этыкі, якія павінны дапамагці ў захаванні чыстасці: дысцыпліна пачуццяў і духа, пільнасць і мудрасць, разважлівасць ва ўстрыманні ад выпадкаў граху, захаванне сціпласці, належнае кіраванне часам, пастаянная малітва, сакрамэнтальнае жыццё, жаданне перажываць рэлігійныя святыя і адданасць Беззаганнай Божай Маці. Дэкларацыя таксама нагадвае пра тое, што чыстасць дапамаге кантраляваць свае неўмеркаваныя жаданні, дапамагае дасягнуць ўнутранага парадку і абараніць свабоду ўласнай асобы.
Цяпер час звярнуцца да другой часткі Вашага пытання. Хадзіць да споведзі заўсёды варта, але сапраўдны сэнс яна будзе мець толькі пры захаванні ўсіх умоў добрай споведзі:
1. Належны рахунак сумлення
2. Жаль за грахі
3. Моцная пастанова выправіцца
4. Шчырая споведзь
5.Сатысфакцыя або выкананне пэўных чынаў пакаяння (адносна Бога і бліжняга)
Вельмі важна разумець кожную ўмову добрай споведзі, а ў дадзеным выпадку - асабліва моцную пастанову выправіцца. Выправіцца не на тэорыі, але на практыцы. Прыкласці ўсе намаганні, каб перамяніць сябе. Сапраўдны жаль павінен абавязкова быць злучаны з цвёрдым намерам больш не грашыць. Нават калі не адразу ўсё атрымаецца, не трэба адчайвацца, але як Хрыстос падчас Крыжовага шляху ўставаць і ісці наперад.
З дарам малітвы, кс. Андрэй