Урывак з Евангелля паводле Лукі (Лк 12, 58-59): "Калі ідзеш з супраціўнікам тваім да начальніка, дык па дарозе старайся вызваліцца ад Яго, каб ён не павёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў бы цябе кату, а кат не кінуў бы цябе ў вязніцу. Кажу табе, не выйдзеш адтуль, пакуль не разлічышся да апошняга аса". 1) Аб чым ідзе гаворка ў гэтым урыўку? 2) Што за "начальнік", "суддзя", "кат", "вязніца"? Пётр, 31 год
Адказвае кс. Аляксандр Мацкевіч
Каб правільна зразумець сэнс дадзенага тэксту (Лк 12,58-59), трэба, перш за ўсё, адказаць на пытанне, які ў яго літаратурны жанр. Цалкам відавочна, што гэта невялікая прыпавесць, гэта значыць не апісанне рэальнай падзеі, а выдуманая, чыста гіпатэтычная гісторыя, якая мае павучальны характар.
Разбяром спачатку сітуацыю, апісаную ў прыпавесці. Слухачам Езуса (і чытачам Евангелля) прапануецца ўявіць сябе ("ты") на месцы даўжнiка, які разам з крэдыторам накіроўваецца да суддзі лакальнага суда, каб той разважыў спрэчку, якая ўзнікла з-за доўгу. які не вярнулі. Заўважым, што даўжнiк знаходзіцца на заведама "страчанай" пазыцыі, так як у прыпавесці не прадбачыцца магчымасць, што ён будзе апраўданы. Калі механізм правасуддзя будзе прыведзены ў дзеянне, даўжнік напэўна апынецца кінутым у вязніцу, пакуль яго сям'я або родныя цалкам не вернуць доўг (пар. падобную сітуацыю ў Мц 18,23-35).
Каб пазбегнуць такога павароту, адзіным мудрым рашэннем з'яўляецца прымірэнне з крэдыторам, г. зн. нейкі кампраміс (можа, адтэрміноўка вяртання доўгу або яго поўнае або частковае прабачэнне). Гэта трэба зрабіць неадкладна, даслоўна па дарозе да суддзі, пакуль не распачалася судовая справа, так як з пачаткам разбору ў судзе такой магчымасці прымірэння ўжо не будзе.
Для правільнай інтэрпрэтацыі прыпавесці неабходна ўзяць пад увагу яе кантэкст. Секцыя Лк 12,1-13,9 у цэлым мае ясна выражаны эсхаталагічны характар. У Лк 12,54-57 Езус звяртаецца да юдэяў, папракаючы іх у крывадушнасці: яны ўмеюць дакладна распазнаваць прыкметы прыроды і правільна прадказваць надвор'е, але не ўмеюць (а ў рэчаіснасці не хочуць) чытаць азнакаў цяперашняга часу, г. зн. распазнаць прыйсце Месіі. Для грэшнага чалавека - даўжнiка перад Богам - менавіта ў цяперашні час ёсць магчымасць прымірыцца з Езусам, у духу веры і пакаяння, і быць апраўданым, г. зн. атрымаць прабачэнне. Калі ж чалавек стане перад Усявышнім Суддзёй, такой магчымасці ўжо не будзе: ён будзе асуджаны як даўжнік і кінуты ў цямніцу, пакуль не верне доўг. Паколькі грэшны чалавек не ў стане сам апраўдацца перад Богам, то маецца на ўвазе, што адтуль ён не выйдзе ніколі. Адсюль выснова: у духоўных справах, якія тычацца ўласнага выратавання, трэба дзейнічаць так жа хутка і рашуча, як і ў юрыдычнай спрэчцы, пра якую ідзе гаворка ў тэксце.
Важна заўважыць, што Лк 12,58-59 - гэта прыпавесць, а не алегорыя, таму не трэба імкнуцца знайсці тлумачэнне кожнага яе элементу або бянтэжыцца, што некаторыя элементы не "укладваюцца" у адзіны, цэласны вобраз. Езус не апісвае ў прыпавесці дэталёва эсхаталагічнай карціны будучыні і не ставіць перад сабой задачы данесці навуку аб страшным судзе і замагільным свеце. Яго мэта - растлумачыць слухачам неабходнасць веры ў Яго, прымірэння і пакаяння.
Цікавай з'яўляецца лексіка тэксту, якая можа быць не зусім зразумелая сучаснаму чытачу. Згодна з большасцю каментатараў, "начальнік" і "суддзя" - гэта сінонімы адной і той ж асобы: прадстаўніка лакальнай улады, які мае судовыя паўнамоцтвы. "Каты" - гэта слова можна разумець у значэнні памочніка суддзі, судовага выканаўцы, прыстава, стражніка, турэмшчыка і г. д., то бок асобы, якія прыводзяць у выкананне рашэнні суддзі і адказваюць за турму (у дадзеным выпадку гэта - не кат, які паддае катаванням вязняў). "Супраціўнік" - крэдытор, які патрабуе вяртання доўгу. "Ас - самая дробная манета І ст. н.э. у Палестыне, так званая лепта, роўная 1/128 дэнарыя, 1/128 - дзённы заробак наёмнага рабочага.
Варта звярнуць увагу таксама на майстэрства евангеліста Лукі ў канструкцыі тэксту. У гэтай кароткай прыпавесці можна заўважыць цікавую семантычную прагрэсію, якая паказвае на рэзкае пагаршэнне сітуацыі даўжніка. Аўтар вельмі старанна падабраў дзеясловы: "ідзеш" - гэты дзеяслоў гучыць нейтральна і нявінна; "прывёў" - тут ужо бачна, што "ты" не з'яўляешся асобай дзеючай па сваёй уласнай волі; "аддаў" і "укінуў" - "твая" сітуацыя становіцца ўсё горш і горш. Падобную прагрэсію можна назіраць у падборы назоўнікаў: "начальнік" - тэрмін нейтральны; "суддзя" - гэта ўжо прадказанне разбору справы і прысуду; "кат" - тэрмін, які не патрабуе каментара.
І апошняя заўвага. Прыпавесць з'яўляецца таксама добрым прыкладам таго, наколькі сэнс тэксту залежыць ад кантэксту. Паралельны тэкст знаходзіцца ў Мц 5,25-26, але там з кантэксту відаць, што эсхаталагічная афарбоўка прыпавесці нашмат слабей: тэкст з'яўляецца, перш за ўсё, навучаннем аб неабходнасці прымірэння з блізкім і толькі злёгку ўзгадвае пра наступствы ў эсхаталагічным плане. Пытанне прыняцця або непрыняцця Езуса-Месіі ў гэтай жа прыпавесці ў версіі Мацвея зусім не падымаецца.
З пашанай, кс. Аляксандр