Ці карае Бог за грахі пры жыцці? Сяргей, 29 гадоў
Адказвае кс. Віталь Сідорка
Паважаны Сяргей, хоць, як можа паказацца на першы погляд, адказ на Вашае пытанне просты, аднак, калі закрануць дадзеную праблематыку глыбей, можна заўважыць шмат іншых цікавых, а нават цяжкіх момантаў. Усё па парадку.
Па-першае, калі мы ўспрымаем кару за грахі як адназначнае зло, то навучанне Касцёла адносна гэтага вельмі яснае: “Бог ніякім чынам, непасрэдна ці пасрэдна, не з’яўляецца прычынай зла”. Аднак з дзяцінства, вывучаючы галоўныя праўды веры, кожны католік ведае, што “Бог – Суддзя справядлівы, за дабро ўзнагароджвае, а за зло карае”. Як гэта растлумацыць? На маю думку, кожнае здзейсненае маральнае зло, інакш кажучы - грэх, выклікае ў жыцці чалавека канкрэтныя наступствы. Логіка Божай справядлівасці вельмі простая: калі ты здзейсніў нейкі злы чын, то нясі таксама за яго адказнасць. Рэзультат жа граху заўсёды негатыўны, разбураючы. Таму мы часам успрымаем нейкія жыццёвыя няўдачы, праблемы на працы, цяжкасці са здароўем, як Божую кару. На самай жа справе, вельмі часта прычынай гэтых цяжкасцяў з’яўляецца безадказнае і неабдуманае жыццё, дзе ёсць месца для граху, а не для Бога.
З другога боку здараюцца такія сітуацыі, калі зло дакранае чалавека, які, здавалася б, не меў нават тэарэтычнай магчымасці зграшыць. Маю тут на ўвазе малых дзяцей або ўвогуле немаўлят, якія нараджаюцца з нейкімі хваробамі, ці нават атрымліваюць іх у першыя месяцы жыцця. За што ж іх караць і дзе быў Бог, калі гэта здаралася? Адказ на гэтае балючае і таямнічае пытанне можа даць толькі паўната хрысціянскай веры! Адно вядома, што, як кажа катэхізіс, Бог не дапусціў бы зла, калі б не атрымаў з яго дабро. Прыкладам гэтага з’яўляецца смерць і ўваскрасенне Хрыста. З найбольшага маральнага зла, забойства Божага Сына, мы маем найбольшае дабро – нашае адкупленне!
Апошняе, на што хацеў бы звярнуць увагу, гэта нашыя легкадумныя адносіны да дадзенай справы. Часам з вуснаў як свецкай, так і духоўнай асобы можна пачуць словы аб тым, што Бог кагосьці і за штосьці пакарае. Так, гэта можа быць нашая залішняя эмацыйная рэакцыя на нейкую відавочную няпраўду ці несправядлівась. Аднак пры гэтым трэба памятаць, што мы, хрысціяне, пакліканыя перад усім да таго, каб абвяшчаць праўду аб тым, Кім ёсць Бог. А Бог, як падказвае нам апостал Ян, ёсць любоў (1Ян 4, 16)!
З малітвай, кс. Віталь