Ці можна мець блізкасць з мужам падчас посту? Алена, 32 гады
Адказвае кс. Андрэй Лішко
Найважнейшым святам у хрысціян з’яўляецца свята Уваскрасення Пана, якому папярэднічае своеасаблівы час падрыхтоўкі – Вялікі пост. У каталіцкім Касцёле ён доўжыцца 40 дзён. Мы разумеем гэту лічбу сімвалічна: 40 дзён Хрыстос посціў на пустыні (Mц 4,2), дождж і патоп трываў 40 дзён (Быц 7,4), Маісей быў на гары Сінай 40 дзён і начэй (Вых 24,18).
Пост – гэта час асаблівай ласкі, калі мы падымаемся на Святую Гару Пасхі. Час, напоўнены пакутай, учынкамі міласэрнасці і прыняццем многіх сакрамантаў, час удзелу ў спецыяльных велікапосных набажэнствах, устрымання ад розных прыемнасцей, абмежавання ў розных формах. Сэнсам і мэтай Вялікага Посту з’яўляецца атрыманне Божай ласкі.
Сярод розных форм падрыхтоўкі да прыйсця Хрыста выдзяляюцца пост, малітва, міласціна. Розныя практыкі Вялікага посту з часоў хрысціянскай старажытнасці з’яўляюцца асаблівымі “практыкаваннямі”, якія дабравольна вызваляюць ад патрэб штодзённага жыцця і развіваюць духоўнае жыццё верніка.
У рэлігійнай энцыклапедыі (параўнай RE t. VIII. Red. B. Karzorowski. Варшава 2003 с. 28) чытаем: “пост – гэта ўстрыманне ад спажывання ўсіх або некаторых прадуктаў харчавання, часам і сэксуальных адносін, праз аднаго чалавека, або суполак, у адпаведным часе ў сувязі з рэлігійнымі матывамі”.
Напэўна ўсе велікапосныя практыкі ўстрымання павінны не толькі ўмярцвяць цела, але і прыносіць духоўныя плады – аднаўляць і ўзмацняць душу. Бо чалавек – гэта істота, якая ўяўляе сабой гармонію душы і цела.
Увесь час мы абагаўляем людскую любоў, а ў выніку робім падзелы на праявы любові духоўныя і цялесныя. Пазней аналізуем, якія з гэтых праяў горшыя, а якія – лепшыя. Тое, што паводле нашай логікі мы прынялі за горшае, хочам змяніць. Адсюль і паўстае думка, што падчас Вялікага посту трэба абавязкова ўстрымацца ад сужанскага акту.
Многія веруючыя мяркуюць, што сэксуальнасць мае ў сабе штосьці дрэннае, а нават і злое. Не, гэта не так. Наша сэксуальнасць сама ў сабе з’яўляецца чымсьці добрым, бласлаўлёным Богам. Часамі дрэнным з’яўляецца спосаб, з дапамогай якога мы абыходзімся са сваёй сэксуальнасцю, г.зн. як мы ёю карыстаемся. Сярод “няправільных” праяў сэксуальнасці ў сям’і – насілле, ананізм і т. п.
Не трэба думаць, быццам адказ ад сужанскай блізкасці з’яўляецца лепшай або горшай за іншую пастанову. Так як сэксуальнае жыццё ў сужанстве з’яўляецца дабром, выразам любові, то няма патрэбы адмаўляцца ад гэтага падчас посту.
Таму мець ці не мець блізкасць з сужанцам падчас посту – гэта выбар кожнага чалавека. Калі Вы ў паразуменні са сваім мужам, на гэтае адрачэнне вольна і без прынукі згадзіліся, у надзеі, што гэта будзе спрыяць узрастанню Вашай любові і духа, а таксама дапаможа добра падрыхтавацца да Свята Уваскрасення, то такая практыка годная пахвалы і павагі.
Я раіў бы ўсім, хто вырашыць выбраць пастанову адмовіцца ад сужанскага акту падчас посту, перш за ўсё паразмаўляць і атрымаць згоду ад мужа / жонкі. Акрамя таго, варта ў такіх справах звярнуцца за парадай да свойго духоўнага настаўніка. Бо інакш можна трапіць з адной скрайнасці ў другую. Беручы пастанову, каб ачысціцца і духоўна ўзрасці, можна пайсці зусім не ў тым напрамку, і ў выніку сабраць горкія плады.
З пашанай, кс. Андрэй