Што такое поўны адпуст? Чым ён адрозніваецца ад частковага і што ён, увогуле, дае чалавеку? Ці можна ахвяраваць адпуст за жывых людзей? Юра, 19 гадоў
Адказвае а. Яўген Голуб OFMConv
Дарагі Юры, і сапраўды, адпуст (indulgentia) выклікае шмат пытанняў. У каталіцкім асяроддзі гэтую рэчаіснасць можна параўнаць з мабільнай сувяззю: усе ведаюць пра яе існаванне, шмат людзей ёй карыстаецца, але мала хто разумее, як жа гэта працуе. Спрабуйма знайсці адказы разам.
На пытанне “Што ж такое адпуст?” з дапамогаю нам прыходзіць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла:
Адпуст — гэта дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана. (ККК Кампендый, Мінск 2010, п.312)
Каб разабрацца ў завілістых “поўнасці” і “няпоўнасці” адпусту, варта мець на ўвазе, што кожны грэх нясе за сабою падвойнае наступства: з аднога боку кожны смяротны грэх пазбаўляе чалавека еднасці з Богам і тым самым “блакіруе” крыніцу вечнага жыцця – гэта і называецца “вечная кара” за грэх. Але кожны грэх, нават самы нязначны, пакідае свой след у чалавеку праз неўпарадкаваную прыхільнасць да стварэнняў, і пазбавіцца гэтага бязладу неабходна або тут на зямлі, або пасля смерці ў стане пад назовам “Чысцец”. Гэтае ўпарадкаванне і з’яўляецца пазбаўленнем чалавека “часовай кары” за грахі. Абедзьве “кары” вынікаюць з самой натуры граху, таму не павінны ўспрымацца намі ў якасці Божай помсты.
Розніца ж поўнага і частковага адпустаў праяўляецца ў тым, у якой ступені вольным ад “часовай кары” чыніць ён чалавека. Гэта як параўнаць поўную адбудову з “касметычным” рамонтам.
Атрымаць поўны адпуст можа кожны, выконваючы наступныя ўмовы:
• Не мець прыхільнасці да любога граху, нават паўсядзённага (калі гэта ўмова цалкам не здейсненая – атрымоўваецца частковы адпуст);
• Стан асвячальнай ласкі (без смяротнага граху) або сакрамант споведзі;
• Прыняцце Св. Камуніі;
• Малітва (напрыклад “Ойча наш”, “Вітай Марыя”) у інтэнцыях Св. Айца (не маецца на ўвазе малітва за самога Папу Рымскага, хоць і яна мае вялікую вартасць. Малітва звязаная з адпустам павінна быць скіравана ў інтэнцыі тых справаў, за якія Св. Айцец моліцца штодня);
• Выкананне ўчынку, звязанага з адпустам.
Адказ на пытанне, за каго ж акрамя сябе можна ахвяраваць адпуст, таксама можна знайсці ў Катэхізісе:
Вернік атрымлівае яго пры пэўных умовах, для сябе самога або для памерлых, праз паслугу Касцёла, які, як той, хто раздае ласкі адкуплення, размяркоўвае скарб заслуг Хрыста і святых.
Чаму ж не можна за жывых? Чалавек, які спаўняе варункі адпусту ў зямным жыцці, ці памерлы, што знаходзіцца ў стане ачышчэння, выражаюць прагненне атрымання гэтае ласкі. Жывыя родныя, блізкія ды сябры маюць магчымасць асабіста скарыстаць з ласкі адпусту. Калі б якая “добрая душа” магла зафундаваць ім поўны адпуст у якасці “падарунку” – атрымалася б, што вольная воля чалавека не грае ролі ў справе Збаўлення, а гэтая выснова супярэчыць рэчаіснасці і навуцы Касцёла.
Некаторыя дакументы Каталіцкага Касцёла на тэму адпустаў:
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: 1471-1479
Кодэкс Кананічнага Права: каноны 992-997
Павел VI – Апостальская канстытуцыя “Indulgentiarum doctrina”
Больш інфармацыі на тэму адпустаў у сеціве для ўсіх, хто валодае польскай мовай:
http://brewiarz.pl/czytelnia/odpusty.php3
З пашанай, а. Яўген