Мне здаецца, што сваім абавязкам святары лічаць пераканаць чалавека верыць або вярнуцца да веры. І на гэтым усё. Што далей адбываецца з гэтай асобай, нікога ўжо не цікавіць (са мной было менавіта так). Ці сапраўды святары не ставяць сабе іншых мэтаў ? Валерый, 64 гады
Адказвае кс. Антоній Грэмза
Вашае пытанне вельмі асабістае і напэўна мае абгрунтаванне ў Вашым жыццёвым досведзе. Паспрабую на яго адказаць, хоць не ведаю дакладных абставінаў Вашага духоўнага стану.
Клопат аб атрыманні веры і аб развіцці веры - гэта ўзаемасвязаныя з сабой рэчаіснасці. З аднаго боку святар, якому Хрыстос даручыў місію служэння і душпастырскай дзейнасці з мэтай збаўлення людзей, а з другога боку сам вернік, які таксама мае заданне развіваць у сабе ласку атрыманай веры.
Сітуацыя кожнага з'яўляецца вельмі рознай і залежыць ад духоўнага распазнання святара і добрай волі верніка. Важнай справай з'яўляецца абудзіць чалавека да прыняцця ласкі веры і, канешне, дапамагчы яму духоўна развівацца (прапанаваць неабходную аскетычную літаратуру, заахвоціць прынімаць актыўны ўдзел у сустрэчах апостальскіх і малітоўных груп і іншыя духоўныя сродкі). Вельмі карысным для развіваючыхся ў веры з'яўляецца дапамагчы ім бліжэй пазнаць супольнасць Касцёла і знайсці сваё месца у гэтай супольнасці. Рэалізацыя свайго хрысціняскага паклікання праз гэта стане больш плённай і асэнсаванай.
Не бяруся асуджаць ніводнага святара за яго адносіны да людзей, якіх яны прывялі да прыняцця веры, але не клапоцяцца пра іх далейшае духоўнае развіццё. Абставіны душпастырскай дзейнасці, святара, яго распазнанне духоўнага стану вернікаў павінны быць вырашальнымі ў прыняцці неабходных крокаў у тым, каб як мага найлепш спадарожнічаць у дарозе веры.
Можа быць і так, што вернік на пэўным этапе павінен самастойна прыкласці намаганні, каб прайсці этап уводзінаў у хрысціянскае жыццё і клапаціцца аб узросце сваёй веры асабіста, калі святара не будзе побач. Тады роля святара будзе датычыцца духоўнага кіраўніцтва, якое не азначае ўмяшальніцтва, але азначае даванне духоўных парадаў і малітву за гэтую асобу, каб вера была больш свядомай і моцнай.
Не ведаю, ці адказаў на Вашае пытанне, бо як зазначыў на пачатку, яно вельмі асабістае і патрэбна бліжэй ацаніць сітуацыю. Заклікаю Вас маліцца аб узросце жыцця ў веры і асабліва да перажывання сваёй веры, як асабістай сустрэчы з жывым Богам, да Якога святар мае заданне весці чалавека, але ніколі не можа замяніць чалавеку Бога.
З павагай, кс. Антоній