Хвала Хрысту! Я веруючы чалавек, стараюся жыць паводле Божых запаведзяў, заўсёды наведваю касцёл, але нічога не магу зрабіць з пачуццём нуды падчас св. Імшы. Часам з нецярпеннем чакаю канца набажэнства. Усё, што адбываецца, здаецца манатонным і аднастайным. Як змяніць гэтае стаўленне? Ганна, 28 гадоў
Адказвае кс. Уладзіслаў Сурвіла
Жывучы ў сучасным свеце, чалавек сустракаецца з мноствам разнастайных прапаноў, асабліва карыстаючыся інтэрнэтам, у якім можа не на адну гадзіну правесці віртуальна дзеля сваёй забавы. Магчыма, пасля разнастайнасці віртуальнага свету чалавека пачынае адольваць нуда ў штодзённасці. Кожны дзень, які ні чым не адрозніваецца ад другога, прыводзіць да манатоннасці. Тое самае адбываецца з чалавекам, калі ён прыходзіць на св. Імшу. Таму варта адказаць на пытанне: “Навошта я прыходжу ў касцёл?”
Падчас кожнай св. Імшы адбываецца сустрэча чалавека з жывым і рэальным Богам, які з’яўляецца сябрам. Калі я сустракаюся з сябрам, якога цаню, я адчуваю радасць пры сустрэчы, дзялюся з ім сваімі хваляваннямі, тым, што адбываецца ў маім жыцці. Я не буду сустракацца з тым, каго мала ведаю, каб распавесці яму пра сябе. Такое ўспрыманне Бога дапаможа лепш зразумець сутнасць св. Імшы.
Бог з'яўляецца таксама нашым Нябесным Айцом, які добра ведае кожнага з нас. Прыходзячы на св. Імшу, трэба зразумець, што Бог блізка. Падчас св. Камуніі Хрыстос прыходзіць, каб спаткацца з кожным прысутным. Разумеючы гэта, вялікая радасць і хваляванне павінны перапаўняць сэрца. Калі гэтага не адбываецца, трэба маліцца, просячы Бога аб тым, каб абудзіў у сэрцы пачуццё жывой любові да Яго. У гэтым таксама дапаможа разважанне над Словам Божым. У такім выпадку ёсць надзея, што народзіцца іншае пачуццё, іншае перажыванне св. Імшы - сустрэчы з жывым Богам.
З малітвай, кс. Уладзіслаў