Мне неаднаразова даводзілася чуць пра сітуацыі, калі ксёндз (меркавана, абураны якім-небудзь грахом) спыняе споведзь і прымушае чалавека выйсці з касцёла. Ці святар увогуле мае права так паступаць? Максім, 31 год
Адказвае кс. Андрэй Лішко
Спачатку хацеў бы Вам падзякаваць за пытанне. Сітуацыю святара і пэнітэнта – таго, хто спавядаецца – трэба разглядаць асобна.
Згадзіцеся, калі святар адпраўляе пэўныя набажэнствы (у нашым выдадку – спавядае), ён хоць і з'яўляецца “іструментам” у руках Бога, мае свае слабасці. Мне здаецца, што кожны, хто прыходзіць у Божы храм ці проста на размову са святаром, мае свае праблемы, цяжкасці, і, напэўна, шукае нейкай асалоды, ласкі, парады выйсця з крызісу, дапамогі, а можа і проста хоча “выліць душу”, штосьці распавесці, даверыцца, знайсці душэўны супакой і г. д. Сітуацыя, калі святар мог не адпусціць грахі і спыніць споведзь, сапраўды можа існаваць. Я не апраўдваю ці выгараджваю святара, а толькі хачу сказаць, што святар – гэта таксама чалавек са сваім характарам, тэмпераментам, праблемамі, перажываннямі.
У некаторых выпадках святар можа, а нават і павінен спыніць споведзь. Многія маладыя па гадах святарства ксяндзы (у нашай дыяцэзіі – да года святарства) не могуць “пры звычайных абставінах” разграшаць з некаторых грахоў (напр., грэх аборцыі). Ёсць грахі, зарэзэрваваныя біскупу (напр., фармальнае адступленне ад веры; адпраўленне св. Імшы ці адпушчэнне грахоў асобай, якая не мае на гэта права; афіцыйная прыналежнасць да супольнасцей, якія ваююць з Касцёлам і інш). Таму калі спавядае малады святар, які не мае юрысдыкцыі да адпушчэння таго ці іншага граху, то ён павінен ветліва і дакладна растлумачыць, што не можа разграшыць, і скіраваць пэнітэнта да іншага святара. Але калі існуе пагроза для жыцця ці іншыя падобныя абставіны, нават малады святар можа адпусціць гэтыя грахі.
Ёсць такія грахі, якія паводле Кодэкса Кананічнага Права зарэзэрваваны для Апостальскай Сталіцы (EKSKOMUNIKA latae sententiae). У гэтым выпадку, калі святар зарыентаваўся, што не можа разграшыць з таго ці іншага граху, павінен спыніць споведзь, растлумачыць пэнітэнту сутнасць справы або прапанаваць яму сумесна напісаць спецыяльны ліст да апостальскай Penitencjarii. Працэдура няпростая. У ёй не згадваецца імя пэнітэнта. Святар тлумачыць сітуацыю так, каб не здрадзіць таямніцы споведзі і самому не ўпасці ў кару Экскамунікі. Пасля адказу апостальскай Penitencjarii патрэбна дамовіцца з пэнітэнтам аб сустрэчы на яшчэ адну споведзь і ўсё растлумачыць.
Наконт другой сітуацыі, калі святар прымусіў выйсці з касцёла. Скажу шчыра, я ніколі падобнага не чуў. Калі ж Вы такое насамрэч перажылі, ці з кімсьці такое здарылася, то гэта крыўдная і саромная справа. Я прашу за майго брата ў святарстве прабачэння. Не ведаю, чым кіраваўся гэты святар, але ён не павінен быў так паступаць: “прымушаць выйсці з касцёла” падчас споведзі. Напэўна, гэтая сітуацыя сведчыць аб непрафесіянальнасці, некультурнасці і нястрыманасці святара. Такім учынкам ён мог пакінуць у сэрцы чалавека крыўду на Касцёл і святароў на многія гады. Напэўна, Хрыстос, найвышэйшы і найлепшы Святар, так ніколі б не паступіў. Ён, як чытаем у Евангеллі, нікога не “адкідваў”, нават сам ішоў да вялікіх грэшнікаў. Аднойчы Езус увайшоў у святыню і ўбачыў, што там замест малітвы праходзіць гандаль. Ён “выганяе купцоў са святыні, раскідвае і пераварачвае іх сталы” (Ян 2, 12-15). Гэта быў адзіны выпадак, але тут справа зусім іншая. Таму яшчэ раз прашу прабачэння і звяртаюся да Вас с просьбай аб малітве за святароў.
Існуюць і такія выпадкі, калі святар зарыентаваўся, што падчас споведзі не здзейснена нейкая з умоваў добрай споведзі (іх 5). Напрыклад, хтосьці зусім не мае жалю за свае грахі, абыякавы, ці не будзе выканана пастанова паправы (хтосьці жыве ў грамадзянскім шлюбе, без вянчання) і іншыя выпадкі. Тады святар можа не адпусціць грахі, але ён павінен усё растлумачыць. Кожная споведзь – гэта індывідуальная і асабістая справа. Таму вельмі важна рыхтавацца і перажываць споведзь, сакрамант пакаяння і міласэрнасці як святару, так і пэнітэнту.
З малітвай, кс. Андрэй