Як святары спраўляюцца са сваёй сэксуальнасцю, калі не могуць яе рэалізаваць? Я думаю, што гэта было б карысна ведаць хлопцам, якія не ведаюць, як справіцца з лішкам сваёй сэксуальнай энэргіі. Міхаіл, 27 гадоў
Адказвае кс. Віталій Сідорка
Паважаны Міхаіл! Дзякую за цікавае, хоць і цяжкае пытанне. Сапраўды, як мне здаецца, тэма сэксуальнасці і нашых адносін да яе заўседы была цікавай, у тым ліку і ў нашым рэлігійным асяроддзі. На маю думку, калі браць вельмі агульна, то ў ментальнасці нашых вернікаў можна заўважыць две тэндэнцыі адносна праблематыкі сэксуальнасці.
Першая характэрызуецца як тэма "табу", дзе сэксуальнасць успрымаецца як нешта стыдлівае, пераважна заўседы грахоўнае, аб чым нельга публічна размаўляць, а калі ўжо да нейкіх размоў дайшло, то яны звычайна праходзяць на ўзроўні пэўных намёкаў і недасказаннасцяў. Другі ж, больш сучасны трэнд, сэксуальнасць успрымае як нешта звычайнае, аб чым можна свабодна размаўляць, дыскутаваць і выносіць на публічны форум.
Мне здаецца, што варта было б гэтыя две плыні пагадзіць паміж сабой. Па-першае, сэксуальнасць адносіцца да вельмі інтымнай часткі жыцця чалавека, якая патрабуе далікатнасці, а не хваравітай цікаўнасці. Таму, разважаючы аб ёй, заўседы трэба памятаць аб тым, каб захаваць годнасць асобы, яе права на таямніцу асабістага жыцця. Аднак сучаснасць, з яе гіпертрафаванай прапагандай сэксуальнасці і распусты, вымушае хрысціянскае асяроддзе нейкім чынам рэагаваць: тлумачыць каталіцкае веравучэнне, прыпамінаць аб традыцыйных маральных каштоўнасцях, змагацца з псеўданавуковымі поглядамі і стэрыатыпамі адносна дадзенай тэматыкі і г.д.
Як жа справіцца са сваёй сэксуальнасцю ў сучасны час? Для веруючага чалавека, без розніцы, святар ён ці асоба свецкая, мужчына ці жанчына, адзіным эфектыўным сродкам здаровых адносін да сэксуальнасці з'яўляецца практыкаванне такой маральнай цноты і адначасова Божага дару як чыстасць. Згодна з вучэннем Касцёла чыстасць - гэта пазітыўная інтэграцыя сэксуальнасці ў асобе. Яна патрабуе панавання над сабой, што з'яўляецца выражэннем чалавечай свабоды, накіраванай на дар самаго сябе. Для гэтага неабходна інтэгральнае і пастаяннае выхаванне, якое здзяйсняецца на этапах паступовага развіцця чалавека. Трэба пры гэтым усведамляць, што чыстасць абавязвае не толькі святара ці кансэкраваную асобу, але кожнага хрысціяніна адпаведна яго жыццёваму стану. Такім чынам, тыя асобы, якія жывуць у сужанстве, праз практыкаванне гэтай цноты выхоўваюць сябе да вернасці, нежанатыя і незамужнія практыкуючы чыстасць ва ўстрыманні, падрыхтоўваюць сябе да больш зрэлага і адказнага сямейнага жыцця ў будучыні.
Прасцей кажучы, каб не паддавацца на рознага роду маніпуляцыі над уласнай сэксуальнасцю, патрэбна простая гігіена не толькі цела, але і духа. Практыка аскезы, практыкаванне маральных цнотаў, асабліва цноты устрымання, а таксама малітва і глыбокае сакрамэнтальнае жыццё дазваляюць супрацьдзейнічаць тэндэнцыям гэтага свету і выхоўваць сябе да здаровай сэксуальнасці. Для святара ж адпаведнае і годнае развіццё сваёй сэксуальнасці адбываецца, як бы гэта дзіўна не гучала, праз свядомае прыняцце цэлібату - непадзельнага прысвячэння свайго жыцця Богу усім сэрцам.
З пашанай, кс. Віталь