У сетцы з'явілася шмат рэкламы ружанца, які нібыта нам дала Маці Божая для барацьбы з абортамі. Гэта ружанец з крыжом у выглядзе кропелек крыві і пацёркамі ў выглядзе блакітных слёз, у сярэдзіне якіх знаходзіцца фігурка эмбрыёна. Ці праўда тое, што за кожную прачытаную на ім малітву "Вітай, Марыя" ратуецца 1 дзіця? Ці гэта проста легенда? Дзіяна, 13 гадоў
Адказвае кс. Андрэй Лішко
Паважаная Дзіяна, сапраўды, у нашыя часы часта, асабліва ў сусветнай павуціне, можна заўважыць той факт, што існуе і ўзнікае мноства новых рэлігійных рухаў, рэлігійных практык, малітваў, якія не з'яўляюцца традыцыйнымі для Каталіцкага Касцёла, і не заўсёды згодныя з каталіцкай навукай. Але сучаснага чалавека маніць і прыцягвае ўсё тое, што новае, экзатычнае і незвычайнае. Можна сказаць, што ўсё, вышэй сказанае, адносіцца і да Вашага пытання. Я паспрабую крыху прыблізіць гісторыю ўзнікнення і сэнс “ружанца за ненароджаных дзяцей”, пра які Вы пытаецеся.
Паводле слоў жыхаркі г. Кліўленда (ЗША) Морын Суіні-Кайл (Maureen Sweeney-Kyle), ёй аб'явілася Божая Маці, якая дала Морын незвычайны ружанец. Пацёркі "Ойча наш” на ім выглядаюць як кроплі крыві, уложаныя у постаці крыжа. Пацёркі "Вітай Марыя" - у выглядзе блакітных слёз з выявай ненароджанага дзіцяці ў сярэдзіне. Крыж - бліскучы і залаты. У сваіх аб'яўленнях, паводле слоў Морын Суіні-Кайл, Маці Божая папрасіла маліцца на гэтым ружанцы за ненароджаных дзяцей і за ўсіх людзей, якія прычыніліся да аборту, а асабліва за маці ненароджанага дзіцяці. На першы погляд, гэты ружанец адмаўляецца традыцыйна, з вядомымі малітвамі і таямніцамі, толькі напрыканцы кожнай таямніцы замест малітвы "Хвала Айцу" дадаюцца спецыяльныя малітвы за ненароджаных дзяцей. Цікавіць тое, што, паводле слоў Морын Суіні-Кайл, падчас сваіх аб'яўленняў Маці Божая дала шмат розных абяцанняў тым, хто будзе маліцца гэтай спецыяльнай малітвай. Так як Вы і напісалі, напрыклад, за кожную "Вітай Марыя" менавіта на гэтым ружанцы нібыта ратуецца адно дзіця ад аборту, або згладжваецца віна аборту і многія іншыя абяцанні. Пасля таго, як Морын Суіні-Кайл распавяла шырокай публіцы пра гэтыя аб’яўленні, у Кліўлендзе ўзнік новы рэлігійны рух пад назвай "Брацтва з'яднаных сэрц Езуса і Марыі", які пачаў распаўсюджваць “ружанец за ненароджаных дзяцей”, пра які Вы і ўзгадваеце.
Цяпер крыху пра прыватныя аб’яўленні, да якіх адносіцца і аб’яўленне Маці Божай для Морын Суіні-Кайл з Кліўленда. Увогуле Касцёл заўсёды з увагай, з патрэбнай і “здаровай" перасцярогай адносіўся і адносіцца да прыватных аб'яўленняў. Як сведчыць гісторыя Касцёла, яны часта выкарыстоўваліся да пасеву нянавісці, падзелаў, узнікнення новых сект, нават хрысціянскіх.
Да аб’яўленняў прыватных - Марыйных, якія Касцёл лічыць сапраўднымі і прызнае на афіцыйным узроўні належаць (пералічваю некаторыя з асноўных): Парыж (1830), Ля Салет (1846), Понтмэйн (1871), Фаціма (1917), Банэ (1932-1933). Многія прыватныя аб’яўленні не спаткаліся з адабрэннем Касцёльнай улады, супраць некаторых нават выказвалася моцнае негатыўнае меркаванне.
Увогуле паводле вучэння Касцёла ўвесь змест Божага Аб’яўлення быў дадзены людзям у так званым Аб’яўленні публічным, якое ўжо завершана. Бог сказаў ужо ўсё у Сваім Слове, ва ўцелаўлённым Слове. Напэўна, можна шмат пісаць пра аб'яўленні, як прыватныя так і публічныя, выказаць іх сутнасць, статус, якімі правіламі і рэгуламі пры распазнаванні верагоднасці прыватных аб'яўленняў кіруецца Каталіцкі Касцёл, але гэта ўжо зусім іншая тэма.
Вяртаючыся да Вашага пытання, я думаю, што не выпадкова ў інтэрнэце можна знайсціў і дэкрэт біскупа Кліўлендскай дыяцэзіі, ў якім, пасля доўгіх праверак і падрабязнага аналізу тэкстаў кліўлендскіх аб'яўленняў, сцвярджаецца, што аб'яўленні Маці Божай для Морын Суіні-Кайл не маюць звышнатуральнага паходжання, і што “Брацтва З'яднаных Сэрцаў Езуса і Марыі” не з'яўляецца легальным хрысціянскім брацтвам у Кліўлендзе, і не мае права выкарыстоўваць назву “каталіцкае брацтва”, або прадстаўляцца як каталіцкая група.
Таму, Дзіяна, калі ў Вас ёсць жаданне маліцца, можна і патрэбна маліцца рознымі формамі (прыватнымі, публічнымі, спантаннай малітвай, асабістай малітвай і г.д.), але перавагу трэба аддаваць малітоўным практыкам, малітвам, якія зацверджаны Касцёльнай уладай. У выпадку згаданага Вамі ружанца за ненароджаных дзяцей – маліцца такой формай малітвы, гэта значыць гэтым ружанцам, нельга, бо такая форма малітвы, як і само брацтва, адкуль паходзіць малітва, не зацверджаны Касцёльнай уладай.
Варта маліцца той жа звычайнай, традыцыйнай малітвай на Ружанцы праз заступніцтва Марыі Панны. Адносна малітвы ў інтэнцыі ненароджаных адзяцей, то хацеў бы Вам прапанаваць малітву аб Духоўным усынаўленні дзіцяці на працягу дзевяці месяцаў. Знойдзеце яе па спасылцы.
З пашанай, кс. Андрэй