Педыятры і тэрапеўты ў паліклініках часта прызначаюць для лячэння і прафілактыкі захворванняў (у прыватнасці ВРВІ) гамеапатычныя прэпараты, якія рэалізуюцца праз аптэкі. Нядаўна пачула ад знаёмых, практыкуючых каталікоў, інфармацыю аб тым, што каталіцкі Касцёл не ўхваляе выкарыстанне гамеапатыі. Але канкрэтных прычын ніхто з іх назваць не змог. Напішыце, калі ласка, аб'ектыўнае меркаванне Касцёла наконт прымянення гамеапатычных сродкаў, рэалізуемых праз аптэкі. Кацярына, 30 гадоў
Адказвае кс. Андрэй Рылка
На што гатовы пайсці чалавек, каб вылячыцца ад цяжкай хваробы? Часам ён гатовы аддаць усё, каб толькі вярнуць здароўе. Не знайшоўшы дапамогі ў навуковай медыцыне, людзі пачынаюць шукаць ратунку дзе заўгодна. Яны гатовы пайсці да варажбітак, шаптух, акультыстаў, чараўнікоў.
А калі пацыента пужае экстравагантны выгляд ведзьмара, то на дапамогу прыходзяць “спецыялісты” ў белых халатах – астролагі, экстрасэнсы, медыкі-эксперыментатары. Яны пераконваюць кліента, што іх сродкі – гэта толькі дабро і гарант аздараўлення. Аднак пра эфект лячэння яны не заўсёды расказваюць усю праўду. Мала хто з іх прызнаецца, што мае дачыненне з нейкімі патаемнымі і часта некантралюемымі сіламі. А некаторыя “лекары” проста не жадаюць прызнавацца, што звычайным чынам праводзяць на пацыенце эксперыменты або даюць хвораму мікстуру, абапіраючыся толькі на ўласную веру (!) у нейкія неспазнаныя энергіі, няўлоўныя для навукі. Існуе шмат метадаў лячэння, якія адрозніваюцца ці нават проста супярэчаць звычайнай (навуковай) медыцыне.
Вось ужо больш за 200 гадоў не сціхаюць дыскусіі вакол такога віду нетрадыцыйнай медыцыны, як гамеапатыя. Яна настолькі моцна ўвайшла ў сучасную культуру, што нікога не здзівіш лекамі ці кабінетам гамеапата. Многія людзі, прынамсі, на агульным узроўні, ведаюць, што гамеапатыя – гэта метад нейкага “нетрадыцыйнага лячэння”. У той жа час, не ўсе ведаюць, што гэтая “медыцына” выклікае вялікую насцярожанасць у асяроддзі вучоных-медыкаў і Касцёла. Сам тэрмін “гамеапатыя” паходзіць ад грэчаскіх слоў “gomoios” (падобны) і “patnos” (боль). Сутнасць гэтай тэхнікі заключаецца ў пераканні, што падобнае лечыцца падобным (similia similibus curantur). Але што канкрэтна ўяўляе сабой гэты спосаб лячэння? Адказ на гэтае пытанне нараджае заклапочанасць нават у саміх гамеапатаў. Кожны з іх будзе адказваць па-іншаму. Гэта звязана з тым, што гамеапатыя – гэта не адно вучэнне, а цэлая група разнастайных тэхнік і кірункаў “лячэння”, якія часта супярэчаць адзін аднаму. Таму спачатку паспрабуем разабрацца, што ж такое гамеапатыя ўвогуле, і адкуль яна прыйшла.
АДКУЛЬ ПРЫЙШЛА ГАМЕАПАТЫЯ?
Даследчыкі кажуць, што вытокі гамеапатыі можна знайсці ў старажытнай алхіміі. Непасрэдна ж гэтую методыку лячэння прапанаваў нямецкі лекар Самуэль Ганеман. Асновы свайго вучэння ён апісаў у кнізе “Organem of Rational Healing”, выдадзенай у 1810 г. Прыхільнікі гамеапатыі вельмі па-рознаму, у залежнасці ад свайго светапогляду, тлумачаць вучэнне Ганемана.
Найбольш папулярная версія сцвярджае, што ён выкарыстаў перакананні алхімікаў у тым, што жывыя арганізмы маюць свой магнетызм (нейкую адмысловую духоўную энергію). Прычыны цялесных хвароб гэты лекар бачыў менавіта ў пашкоджаннях духоўнай энергіі арганізмаў. Такую энергію трэба было лячыць падобнай, зачэрпнутай з такіх жа крыніц. Таму гамеапатычны лек павінен паходзіць з чагосьці, што звязана з хваробай. Лек павінен унесці ў арганізм неабходную яму духоўную энергію. Як выглядае гэтая энергія і як яе ўносіць у арганізм? Тут погляды гамеапатаў разыходзяцца. Сам Ганеман свае веды абапіраў не на навуковых прынцыпах, а на “аб’яўленнях незямных стварэнняў”, якія яго навучалі астралогіі, магнетызму і тэхніцы прыгатавання “лекаў”. Паслядоўнікі гэтага лекара па сённяшні дзень імкнуцца надаць гамеапатыі нейкае навуковае аблічча. Але за 200 гадоў існавання гэтай нетрадыцыйнай медыцыны, яна так і не змагла растлумачыць, на чым жа засноўваецца яе “лячэнне”.
ЯК ДЗЕЙНІЧАЕ ГАМЕАПАТЫЯ?
Як жа ўздзейнічаюць на чалавека гамеапатычныя прэпараты? Адны прыхільнікі гэтай “нетрадыцыйнай медыцыны” распавядаюць толькі пра фізічнае ўздзеянне гамеасродкаў, іншыя ж – наадварот, падкрэсліваюць толькі духоўнае (энергетычнае) іх уздзеянне. Прыхільнікі фізічнага ўздзеяння гамеапатычных прэпаратаў сцвярджаюць, што хвораму належыць падабраць мінімальную дозу такога сродку, каторы ў вялікай дозе выклікаў бы сімптомы, якія на дадзены момант адзначаюцца ў хворага. Гамеапатычны “лек” з мінімальнай дозай такога сродку павінен актывізаваць імунітэт арганізма, каб перамагчы хваробу. Гэты метад лячэння гамеапаты параўноўваюць з вядомым нам спосабам лячэння праз прышчэпкі, які выкарыстоўваецца ў традыцыйнай медыцыне. Як прыклад, яны прыводзяць вядомае прышчэпліванне супраць грыпу. У той жа час, крытыкі гамеапатыі даказваюць, што гамеапатычны метад не мае нічога агульнага з навуковай медыцынай. Яны прыводзяць прыклад, што для вылячэння ныркавага каменя гамеапаты прапаноўваюць выпіць раствор з ныркавым каменем. Гэтыя парадоксы звязаны з тым, што гамеапаты ўзводзяць метад лячэння падобнага падобным да абсалютнага.
Тым самым яны даходзяць да небяспечных абсурдаў. Гамеапаты, імкнучыся даказаць бяспечнасць сваіх “лекаў”, даводзяць, што іх прэпараты змяшчаюць мінімальныя дозы падобных да хваробы субстанцый. Вучоныя, даследаваўшы гамеапатычныя прэпараты, заўважылі, што яны змяшчаюць або мікраскапічныя дозы нейкіх старонніх сродкаў, або ўвогуле нічога не маюць акрамя звычайнага водна-спіртавога раствору. На падставе гэтага, вучоныя даказваюць, што гамеапатычныя “лекі” не могуць мець ніякага фізічнага ўздзеяння на арганізм чалавека. Калі так, то якім чынам яны ўплываюць на самаадчуванне пацыентаў? Гамеапатычны адказ на гэтае пытанне дае больш вытанчаная версія гэтага вучэння. Паводле яе, усе рэчывы маюць адмысловую жыццёвую або духоўную энергію. Падрыхтоўка гамеапатычнага прэпарата заключаецца ў “расціранні” адпаведнага рэчыва да такой ступені, каб яно перадало сваю духоўную энергію воднаму раствору, які з гэтага моманту становіцца “лекам”. На практыцы гэтая “перадача энергіі” заключаецца ў тым, каб максімальна растварыць “лекавы” сродак, бо чым больш раствараецца прэпарат, тым большая яго энергетычная дзейснасць. У выніку гатовы раствор можа не мець аніводнай малекулы “лекавага” сродку, але ён будзе “зараджаны яго энергіяй”. Варта пры гэтым памятаць, што гамеапаты гавораць тут не пра фізічную энергію (яе вучоныя маглі б заўважыць), а пра нейкую няўлоўную духоўную моц. Фактычна ж, няма ніякіх доказаў існавання такой энергіі. У сувязі з гэтым няма ніякіх навуковых доказаў фізічнага ўздзеяння “лека”.
У пошуку зразумення папулярнасці гамеапатычных прэпаратаў многія вучоныя схіляюцца да версіі т.зв. эфекту плацэба. Так называюцца прэпараты, якія не маюць ніякіх лекавых уласцівасцей, але іх пазітыўнае ўздзеянне на арганізм засноўваецца толькі на веры чалавека ў сваё выздараўленне. Своеасаблівае самаўнушэнне прабуджае веру пацыента ў тое, што “лек” яго выратуе. Гэтая вера можа дапамагчы асобе псіхалагічна пабудзіць арганізм да выздараўлення. Аднак методыка прыняцця на веру адкрывае пацыента на небяспеку псіхаманіпуляцый з боку гамеапата. Тым больш, ненавуковы падыход яшчэ больш спрыяе таму, што пацыенту нічога не застаецца, як толькі паверыць лекару на слова. У той жа час сам “урач” таксама апіраецца толькі на веру ў дзейснасць гамеапатыі. Вучоныя таксама звяртаюць увагу на небяспечнасць самога факта спажывання раствора, бясшкоднасць якога не пацверджана навуковай медыцынай.
ДУХОЎНАЯ НЕБЯСПЕКА ГАМЕАПАТЫІ
Акрамя псіхалагічнай інтэрпрэтацыі ўздзеяння гамеапатычных прэпаратаў, варта звярнуць увагу на духоўны фактар. Існуе нямала экзарцыстаў, якія выяўляюць існаванне сувязі паміж апантанасцю асобы злым духам і пачаткам ужывання гамеапатычных прэпаратаў. Наколькі абгрунтаванымі могуць быць такога роду боязі? Некаторыя спецыялісты звяртаюць увагу на акультычнае вучэнне гамеапатаў аб духоўных сілах (“энергіі”, “інфармацыі”), якія пераходзяць на чалавека з момантам прыняцця “лека”. Іншыя даследчыкі звяртаюць увагу на акультычныя і магічныя вытокі самога вучэння і тэхнікі гамеапатычнага “лячэння”. З духоўнага пункта гледжання, гамеапатыя можа быць небяспечная тым, што пацыент праз іррацыянальную веру адкрываецца на ўздзеянне духоўных сіл, не звязаных з Богам. Кожны хрысціянін добра ведае, што звяртанне да нябоскіх сіл азначае парушэнне першай запаведзі (ідалапаклонства і звяртанне да дэманаў). Існуюць шматлікія перасцярогі Бога ў Святым Пісанні перад такімі дзеяннямі (Дрг 18, 10-12; 2 Тэс 2, 9-10).Таксама Катэхізіс Каталіцкага Касцёла перасцерагае: “Усе практыкі магіі і чараў, праз якія чалавек імкнецца атрымаць патаемныя сілы, каб карыстацца імі і дасягнуць надзвычайнай улады над бліжнім – нават з мэтай яго лячэння – знаходзяцца ў сур’ёзнай супярэчнасці з цнотай рэлігійнасці (г.зн. з’яўляюцца цяжкім грахом)” (ККК 2117).
Трэба адзначыць, што гамеапаты або самі да канца не разумеюць, або не кажуць пацыентам, у чым сутнасць уздзеяння іх прэпаратаў. Калі навукай даказана, што няма ніякага фізічнага ўздзеяння, то застаецца толькі псіхалагічнае або духоўнае. Для тых, хто не прызнае хрысціянскага светаўспрымання, сілы, якія нясе ў сабе гамеапатычны прапарат, будуць чымсьці “неспазнаным”. А для хрысціяніна становіцца відавочнай пагроза таго, што духоўныя сілы, звязаныя з магіяй, акультызмам і астралогіяй, маюць дэманічнае паходжанне. Кантакт з такімі сіламі вельмі часта маскіруецца пад лячэнне, дапамогу ў вырашэнні праблем. Бо чалавека ў бядзе найпрасцей купіць. У стане псіхалагічнай прыгнечанасці або эмацыянальнага ўзбуджэння абмяжоўваюцца здольнасці да крытычнага мыслення, а схільнасць да спантанных, іррацыянальных учынкаў абвастраецца. Хрысціянам варта ўсведамляць, што не кожны сродак апраўдвае мэту. Асабліва такі сродак, які звяртаецца да таямнічых духоўных сіл.
ВЫВАДЫ
На заканчэнне можам спытацца, ці маральна дапушчальна хрысціяніну (каталіку) прымаць гамеапатычныя “лекі”? Адказ будзе залежаць ад таго, з якім намерам (інтэнцыяй) асоба сягае па гэты “лек”. Калі нехта прымае гамеапатычны прэпарат, лічачы яго звычайным фармацэўтычным сродкам, то няма сур’ёзнай падставы, каб называць гэта грахом. Калі вернік прымае прэпарат, спадзяючыся на яго духоўнае (энергетычнае) уздзеянне, то такі ўчынак можа прыраўнівацца да чараў і будзе цяжкім грахом супраць першай Божай запаведзі. У канечным выніку аб’ектыўная маральная ацэнка дзеяння будзе залежаць ад здольнасці хрысціяніна да самакрытычнай ацэнкі сваіх намераў і ўчынкаў. А ўлічваючы чалавечы фактар, перад тым, як звяртацца да гамеапата, хрысціяніну варта абмеркаваць праблемы са сваім духоўнікам і адукаваным медыкам. Можа аказацца так, што прычына хвароб зусім не там, дзе мы яе шукаем.
Паводле артыкула напісанага кс. Андрэем Рылка для газеты "Слова Жыцця"