"Як Каталіцкі Касцёл ставiцца да iсламу? Ці мае месца паміж імі дыялог на афіцыйным узроўні?" Вераніка
Адказвае кс. Антоні Грэмза
Адносіны да ісламу як манатэістычнай рэлігіі ў Каталіцкім Касцёле змяніліся пасля II Ватыканскага Сабору (1962-1965). Менавіта дакументы гэтага Сабору заклікаюць вернікаў Каталіцкага Касцёла прызнаць харатар звышнатаруальнага паходжання гэтай рэлігіі, якая з’явілася у VII стагоддзі пасля нараджэння Хрыста. У дагматычнай канстытуцыі аб Касцёле (Lumen Gentium 16) Айцы Сабору акрэсліваюць іслам, як рэлігію, у якой магчыма збаўленне і залічваюць вызнаўцаў Алаха (Найвышэйшага Бога) да Божага народу. Характар аб’яўлення і вера ў адзінага Бога дае ім права на збаўленне, пад умовай, калі разам са сваёй верай будуць кіравацца голасам свайго сумлення. Чыста знешняе перажыванне веры праз вызнаўцаў Алаха, на жаль, можа рабіць з іх фанатычна настаўленых да людзей іншых рэлігій. Непадзельнасць публічнага жыцця і рэлігіі не дае ім магчымасці захоўваць павагу да вызнаўцаў іншых рэлігій. У такім выпадку вера мае форму дзяржаўнай ідэалогіі моцна збудаванай на рэлігійным падмурку Карана (Кніга Аб’яўлення) і навучанню прарока Магамета (Сунны). У дэкларацыі Ватыканскага Сабору аб адносінах да іншых рэлігій (Nostra aetate 3) Касцёл навучае нас з павагай адносіцца да ісламу як рэлігіі, у якой вызнаўцы аддаюць пашану Адінаму і Жывому Богу, міласэрнаму і ўсемагутнаму, Створцы неба і зямлі, які аб’яўляўся людзям і з імі размаўляў, якому мусульмане падпарадкоўваюцца, як Авраам, да якога адносіцца ісламская вера. Хоць вызнаўцы Алаха не прызнаюць Хрыста як Бога, то ўшаноўваюць Яго як прарока, а Ягоную Маці як Маці прарока, і нават часам набожна просяць Яе аб дапамозе. Таксама так, як і хрысціяне, яны чакаюць апошні Божы Суд, які аддасць кожнаму уваскросламу чалавеку паводле ўчынкаў. Сапраўдныя вызнаўцы Алаха захоўваюць маральныя каштоўнасці і ўшаноўваюць Бога малітвай, міласцінай і пастом.
Вельмі важнымі з'яўляюцца словы саборнай дэкларацыі, якія гучаць як заклік да ўшанавання ісламу, сумеснага пошуку справядлівасці, захоўвання супакою, духоўных каштоўнасцей і пазбягання варожага настаўлення. Як бачым, сучаснае навучанне Касцёла не стварае паміж вызнаўцамі Хрыста і вызнаўцамі Алаха нейкай ізаляцыі, але заклікае да пераламлення сваіх стэрэатыпаў і будовы ўзаемнага маральнага ладу ў свеце.
Кожны год у Каталіцкім Касцёле праходзяць малітвы аб дыялозе з вызнаўцамі ісламу. І хоць сёння можа ён быць атручаны тэрарыстычнамі актамі і гвалтам, пераследам хрысціян у мусульманскіх краінах, прыбыццём шматлікіх нелегальных мігрантаў у Еўропу, то аднак гэта яшчэ больш заклікае Каталіцкі Касцёл да дыялогу і малітвы за тых, хто, як і мы, верыць ў адзінага Бога.
З пашанай, кс. Антоні