Ці мае сэнс захоўванне фізічнай чысціні да шлюба, калі я яе захоўваю, але мяне часта наведваюць нячыстыя думкі адносна мужчын? Ананімна
Адказвае кс. Антоній Грэмза, душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі
Падчас Дыяцэзіяльных Дзён Моладзі 2015 у Смаргоні 1-3 мая для моладзі быў заснаваны рух "Чыстых Сэрцаў". Адным з абяцанняў гэтага духоўнага моладзевага руху з’яўляецца пастанова жыцця ў чысціні фізычнай і духоўнай. На пачатку я меркаваў, што жадаючых уступіць ў гэты рух будзе няшмат, але быў прыемна здзіўлены. Многія маладыя людзі выразілі сваё жаданне далучыцца да руху "Чыстых Сэрцаў". На першы погляд сёння складана захаваць чысціню свайго цела і думак, калі існуе шмат спакусаў і сучаснай модай робіцца ўсё, каб разбудзіць ў чалавеку інстынкты. І многія маладыя людзі трапляюць ў пастку сваіх інстынктаў. З усёй радасцю трэба прызнаць, што ў нас ёсць моладзь, якая свядома жадае належаць да гэтага руху не столькі, каб быць чыстымі, а колькі змагацца за тое, каб мець дар чысціні і клапаціцца аб духоўнай гігіене свайго сэрца.
Чысціня мае сэнс для чалавека, які сам хоча жыць ў чысціні, бо адчувае тое, што Бог праз чысціню адорвае яго пачуццем уласнай годнасці і сэнсам сапраўднай любові. Бог не змушае нас да прыняцця гэтага дару, але праз захаванне чысціні дае вялікія магчымасці духоўнага развіцця сапраўднай любові ў адносінах да Яго і іншага чалавека.
Наконт нячыстых думак, то яны могуць узнікаць у выніку неўпарадкаваных жаданняў і недахопу кантроля над сабой. Сам факт узнікненне думак па нейкай знешняй прычыне не з’яўляецца яшчэ грахом, але згода на нячыстыя ўяўленні ўводзіць чалавека ў стан бруднага сэрца перад Богам і іншым чалавекам. Самым лепшым лякарствам на нячыстыя думкі і паводзіны з’яўляецца Ласка Божая, якую мы атрымліваем у сакраманце споведзі і Эўхарыстыі, размова на гэтую тэму з духоўным кіраўніком, а таксама можа быць вялікай дапамогай свядомы і дабравольны ўдзел у руху "Чыстых Сэрцаў".
Далучыцца да руху можа кожны і ў кожны момант. Што для гэтага трэба зрабіць? Выконваць наступныя ўмовы: маліцца штодня малітвай абяцання, чытаць і разважаць штодня маленькі фрагмент Св. Пісання, захоўваць чысціню перад шлюбам, адказацца ад прагляду парнаграфічых фільмаў і непрыстойных вобразаў і фатаграфій, на выпадак, калі здарыцца нячысты грэх, адразу прыступіць да сакраманту споведзі і не адкладаць гэтага на пазнейшы час.
МАЛІТВА РУХУ ЧЫСТЫХ СЭРЦАЎ - МАЛІТВА АБЯЦАННЯ
Пане, дзякую Табе за Тваю любоў. За тое, што для Цябе няма безнадзейна брудных, грэшных і сапсаваных людзей. Аддаю Табе, Пане, маю памяць, розум і цела - усё тое, чым я з'яўляюся, і ўсё, што маю.
Жадаю такім чынам аддаць сябе цалкам у Тваё распараджэнне, каб Ты вучыў мяне кахаць па-сапраўднаму, каб я штодзённа быў(ла) адкрыты(а) на Тваё ўздзеянне. Вырашаю і абяцаю штодня маліцца, чытаць кожны дзень хаця б невялікі фрагмент Святога Пісання, рэгулярна спавядацца і як мага часцей прымаць святую Камунію.
Абяцаю таксама вучыцца кантраляваць сваю сэксуальную цягу. З гэтай мэтай вырашаю ўстрымлівацца ад палавых адносін да часу заключэння сакраманту шлюбу, ніколі не купляць і чытаць немаральных кніг і часопісаў, а таксама не глядзець парнаграфічных фільмаў.
Пане, прашу Цябе, вучы мяне жыць і паступаць так, каб самым важным у маім жыцці была любоў. Найсвяцейшая Багародзіца Марыя, Маці мая, вядзі мяне да самой крыніцы Любові, да Пана Езуса, каб я заўсёды спадзяваўся(лася) толькі на Яго і верыў(ла) толькі Яму. Амэн.
З пашанай, кс. Антоній