Пасля таго, як даведаўся год таму, што ў мяне можа быць анкалогія - запаў у дэпрэсію. Ад дакучлівых думак страціў сон, апетыт. Пасля месяца такіх пакут пачаў баяцца ўжо гэтага стану, з'явіўся страх сну. Ужо год лячуся, п'ю снатворныя. Страх не праходзіць, наведвалі думкі пра суіцыд. Псіхатэрапеўт, які мяне лечыць, прапанаваў мне акрамя таблетак скарыстацца гіпнозам, каб унушыць, што ўсяго гэтага не трэба баяцца і гэта пройдзе. Ці можна скарыстацца такім метадам лячэння? Аляксандр, 32 гады
Адказвае кс. Віталій Сідорка, душпастыр службы аховы здароўя г. Гродна
Безумоўна, дэпрэсія адносіцца да найбольш распаўсюджаных хвароб нашага часу. Аднак не трэба губляць надзею, тым больш, што ёсць доволі пэўныя правераныя медыцынскія сродкі для яе лячэння.
Што ж датычыцца гіпнозу, то тут справа даволі складаная. Сапраўды, на сённяшні момант праследжваецца тэндэнцыя да выкарыстання дадзенага метаду праз псіхіятараў і псіхатэрапеўтаў у лячэнні рознага роду фобій і залежнасцяў. Разам з тым трэба прызнаць, што па сённяшні дзень тэма гіпнозу так да канца і не вывучана. Сярод навукоўцаў існуюць розныя погляды адносна натуры дадзенай з'явы, яе ўплыву на псіхіку чалавека і г. д. Таму, калі нам прапануюць гіпноз як форму лячэння, трэба сабе ясна ўсведамляць, што адносна гэтага "лякарства" і па сённяшні дзень ідуць дыскусіі, а якіх-небудзь грунтоўных даследаванняў, з яснымі, канкрэтнымі і адназначнымі вынікамі так і не паўстала. Таму ўжываць гіпноз як метад лячэння вельмі рызыкоўна, таму што рэзультаты могуць быць вельмі непрадказальнымі і не заўседы пазітыўнымі. Згадзіцеся, не вельмі прыемна адчуваць сябе пацыентам, над якім праводзяць эксперыменты.
З другога боку, трымаючыся сцісла рэлігійнай плоскасці, трэба зазначыць, што на працягу гісторыі чалавецтва гіпноз актыўна выкарыстоўваўся ў рознага роду магічных, акультных і спірытуалістычных практыках, якія ў сваю чаргу адкрывалі магчымасць для дзеяння злога духа, а нават маглі прывесці да дэманічнага апантання. Вучэнне ж Касцёла адносна дадзенай праблематыкі вельмі яснае і зразумелае: забабоны, якія з'яўляюцца адыходам ад належнага пакланення Богу і якія выяўляюцца таксама ў розных формах прадказанняў, магіі, чараўніцтва і спірытызму, парушаюць першую запаведзь Дэкалогу: Я - Пан Бог твой, не май іншых багоў, апроч Мяне. Ідучы за гэтым, святары-экзарцысты аднадумна залічваюць гіпноз да вельмі небяспечных грахоўных практык.
Яшчэ адной прычынай негатыўнага стаўлення да гіпнозу з'яўляецца ўсе тое ж вучэнне Касцела, згодна з якім чалавек створаны паводле Божага вобраза і падабенства, а гэта значыць адораны розумам і вольнай воляй. Права на свабоду дзеяння з'яўляецца неад'емнай часткай чалавечай годнасці. Таму мне здаецца, што выкарыстанне гіпнозу з мэтай "загаду" не адчуваць страх, гэта вельмі небяспечная маніпуляцыя не толькі свядомасцю асобы, але і яго правамі.
Улічваючы ўсе вышэйсказанае, я б не рэкамендаваў выкарыстоўваць гіпноз як спосаб лячэння. Існуюць больш эфектыўныя, а галоўнае - навукова абгрунтаваныя сродкі для змагання з дэпрэсіяй. Для веруючага ж чалавека існуюць таксама іншыя, вельмі эфектыўныя спосабы барацьбы са сваімі страхамі ці хваробамі. Гэта перад усім інтэнсіўнае малітоўнае і сакрамантальнае жыццё, якое вядзе да поўнага даверу Нябеснаму Айцу.
З пашанай, кс. Віталій.