Якiя вясельныя звычаі з`яўляюцца сапраўды каталiцкiмі, а якiя - не?
Якiя вясельныя звычаі з`яўляюцца сапраўды каталiцкiмі, а якiя - не? Вераніка
Адказвае кс. Андрэй Кеўлюк
Сапраўднай каталіцкай вясельнай традыцыяй з'яўляецца шлюб, дзе маладыя абяцаюць адзін аднаму захоўваць вернасць у шчасці і няшчасці, у здароўі і хваробе, а самае галоўнае - любіць і шанаваць адзін аднаго ўсё сваё жыццё. Я лічу, што гэта самае галоўнае. Гэтага было б дастаткова многім сямейным парам, каб адзначыць 25-годдзе, 50-годдзе сумеснага жыцця. І ў часе кожнай гадавіны свайго шлюбу казаць адзін аднаму: “Я ЦЯБЕ КАХАЮ!!!” Вельмі часта мы за пэўным зіхаценнем мішуры, агеньчыкаў і за жаданнем зрабіць лепш, чым у сяброў і знаёмых, забываемся аб гэтым. Можа, як прыклад, звернемся да папулярнага звычаю дарыць “валянцінкі”, а менавіта да жыцця св. Валянціна. Як кажа традыцыя, ён благаслаўляў пары ноччу – і ім не патрэбны былі ўпрыгожванні, яны хацелі паабяцаць адзін аднаму перад Богам сваю любоў і запрасіць Яго ў сваё сямейнае жыццё.
Шчыра кажучы, мне вельмі цяжка прыгадаць якія-небудзь каталіцкія трыдыцыі, звязаныя з вяселлем. Тыя, што мы з Вамі маем цяпер – гэта пэўныя водгукі або з паганства, або нешта ўведзенае ў цяперашні час. І тыя апошнія, я лічу, зусім не кепскія: абсыпанне маладых пялёсткамі руж, выпусканне галубоў у неба, вешанне замочка на мосце – гэта ўсё робіць вяселле непаўторным і дадае хараства.
Але перш за ўсё я хацеў бы прыгадаць аб сакраманце споведзі перад шлюбам, і раіў бы адбыць генеральную споведзь – са ўсяго жыцця, бо пачынаееца новы яго этап. Я таксама прасіў бы маладых, каб запрасілі сваіх родных і гасцей скарыстаць з сакраманта споведзі, і пазней, у часе шлюбу, прыняць св. Камунію ў інтэнцыі маладых.
Таксама хацеў бы прыгадаць, што адной з галоўных традыцый, якая павінна прысутнічаць у хаце як жаніха, так і нявесты – гэта благаслаўленне іх бацькамі – робіцца гэта звычайна або крыжом, або абразом. Лічу вельмі добрай традыцыяй, калі бацькі пазней гэты крыж ці абраз дораць маладым у іх дом ці кватэру, дзе яны будуць пачынаць сваё сямейнае жыццё (з гэтай прычыны заўсёды раіў бы бацькам выбіраць такі абраз, які будзе да спадобы іх дзецям; перад благаслаўленнем яго трэба асвяціць у святара).
Цяпер крыху пра сімволіку свецкіх вясельных традыцый.
Трыдыцыя выпускаць галубоў у неба прыйшла да нас з Італіі. Лічылася, што нявеста, выпускаючы з клеткі галубку, як галубка пакідае бацькоўскі дом. Абрад гэты таксама суправаджаўся песняй плачучай маці, якая аддае сваю дачку ў другі дом, а таксама песняй нявесты, якая прасіла, каб галубка не збілася са шляху і знайшла ўтульнае гняздо. Але я думаю, што на вяселлі, калі і павінны быць слезы – то слёзы радасці:) Акрамя гэтага, галубятнікі апавядаюць, што голуб – самая сямейная птушка. Галубы да канца сваіх дзён жывуць парамі. І вельмі адказна адно за адным даглядаюць! Гняздо разам будуюць: голуб галінкі носіць, а галубка складвае. І яйкі па чарзе выседжваюць: ноччу на гняздзе – галубка, а днём яе голуб адпускае пагуляць і сам на гняздзе сядзіць. І дзетак разам выкормліваюць. Людзям ёсць чаму павучыцца ў галубоў. Можа таму галубоў і выбралі як птушак, маючых упрыгожыць вяселле.
Запіранне замочка на мосце таксама ў пэўнай ступені павінен прыгадаць маладым аб неразарвальнасці сямейнага саюзу, аб тым, што яны павінны пражыць разам усё сваё жыццё.
Абсыпанне жа пялёсткамі руж можна параўнаць ў пэўнай ступені з падобнай практыкай ў сясцёр кармэлітанак: яны робяць гэта падчас складання шлюбаў законных, калі сястра ляжыць крыжам на падлозе касцёла, а маці генеральная абсыпае яе пялёсткамі кветак у знак смерці старога чалавека і нараджэння новага (новай сястры). У часе вяселля нешта падобнае: “ад гэтага моманту Вы адно цэлае” - новае жыццё.
І хацелася б таксама бачыць маладых на нядзельнай св. Імшы пасля вяселля. Нядобра распачынаць сумеснае жыццё адразу ад парушэння Божага наказу. Няхай сям'я парафіяльная таксама падзеліць радасць узнікнення новай сям'і.
Існуе яшчэ мноства традыцый, але большасць з іх я прылічыў бы да паганства: падыманне чарак за маладых перад касцёльным шлюбам (пасля чаго некаторыя госці прыязджаюць у святыню нецвярозымі); абводжванне маладых наўкола сталоў, абходжванне машын маладых з кіямі і абсыпванне іх збожам і шмат іншых. Як тлумачаць некаторыя, гэта робіцца дзеля шчасця ў шлюбе, каб злыя духі не перашкаджалі, каб шлюб быў трывалы, салодкі, пладавіты. Але мы ведаем, што калі сярод усяго гэтага забыцца пра Бога – то нічога не атрымаецца. “Без Бога - не да парога!”
Няхай Бог Вам благаслаўляе!
З малітвай, кс Андрэй.