Skip to main content

Пытанне адносна навукі Касцёла для нарачоных

naraczonyjaЯк паступаюць маладыя пары, якія хочуць узяць касцёльны шлюб, але жывуць у розных гарадах? Як яны праходзяць навуку перад шлюбам? Як атрымліваюць пасведчанне, што яны гэтую навуку прайшлі? Алёна

Адказвае прэфект Гродзенскай семінарыі кс. Андрэй Лішко

 

Паважаная Алёна, вельмі добра і варта пахвалы тое, што Вы сумленна ставіцеся да тэмы перадсужанскіх сустрэч. Падчас гэтых сустрэч Вы напэўна штосьці адкрыеце, возьмеце нешта новае (напр.: Праўды і асновы хрысціянскай, каталіцкай веры, традыцыю і літургію сакраманту Сужанства, пазіцыю і погляды каталіцкага Касцёла ў некаторых справах, якія датычаць сэксуальнай этыкі і г. д.). Напэўна не будзе зноў вынайдзена кола.

Ведаю, што ў многіх парафіях практыкуюцца індывідуальныя сустрэчы з нарачонымі, многія маюць спецыяльны курс сужанскіх сустрэч (напр., у Гродзенскай катэдры іх 8). Калі казаць аб сужанскай навуцы перад прыняццем сакраманту Сужанства, было б ідэальным, каб пары разам прыходзілі на сустрэчу. Але штодзённае жыццё, быт дае аб сабе знаць: вучоба, праца, іншыя фактары часта не дазваляюць сумесна прысутнічаць на гэтых сустрэчах. Напэўна можна, калі не дазваляюць абставіны, паасобку прайсці перадшлюбную навуку, нават у розных гарадах. Кожны святар ці сястра законная абавязкова выдадуць пасведчанне. Але раіў бы Вам абавязкова сумесна са сваёй другой паловай і са сваім душпастырам ці святаром, які будзе асыставаць пры ўдзяленні сакраманту Сужанства, разам запоўніць перадшлюбны пратакол. Яму неабходна прадставіць пасведчанне залічаных перадсужанскіх сустрэч і навук. І,напэўна, агаварыць з ім некаторыя пытанні адносна літургіі. Душпастыр павінен ацаніць усю сітуацыю, напр., калі трэба, павінен выпісаць ліцэнцзію (у тым выпадку, калі вы будзеце вянчацца зусім у іншай парафіі), напісаць просьбу аб дыспэнсе да Біскупа ў справе іншых веравызнанняў ці рэлігій і г. д.

Усяго Вам найлепшага пачдчас падрыхтоўкі да сакраманту Сужанства. Няхай гэты час будзе часам задумы, не толькі мітусні ў справах падрыхтоўкі сталоўкі, ежы, адзення, гасцей... але перад усім духоўнай падрыхтоўкі да гэтак важнага сакраманту ў Вашым жыцці.

З малітвай, кс. Андрэй.

Рэдагавана: 24 Студзеня 2017