Skip to main content

Якую малітву трэба чытаць пасля прыняцця св. Камуніі?

Ciało i Krew"Якую малітву трэба чытаць пасля прыняцця св. Камуніі?" Вольга, 32 гады

Адказвае кс. Андрэй Лішко, прэфект Гродзенскай семінарыі

Вольга, Вы парушылі вельмі актуальнае пытанне. Сёння многія прымаюць св. Камунію зусім без падрыхтоўкі, так абыдзенна, а нават аўтаматычна і не асазнаючы тое, што яны прымаюць. Прыняцце сакраманту, гэта асаблівая і важная справа, якая патрабуе грунтоўнай падрыхтоўкі і падзякі. Кожны сакрамант - гэта вялікі дар для чалавека, за які трэба дзякаваць.

Кажучы пра прыняцце св. Камуніі, трэба спачатку ўзгадаць галоўныя правілы. Прынімаць св. Камунію можна толькі два разы ў дзень, і прынімаючы другі раз, абавязкова трэба прыняць удзел у св. Імшы. Прыступаючы да св. Камуніі, нельга мець цяжкіх грахоў, у супраціўным выпадку трэба скарыстаць з сакраманту споведзі. Абявязкова трэба захаваць пост Эўхарыстычны: 1 гадзіна перад прыняццем св. Камуніі (можна спажываць лекі і каштаваць прыгатаваную ежу і розныя смесі можа мама, якая корміць немаўля ) і 15 хвілін мінімум пасля прыняцця св. Камуніі. Кажучы пра падзяку пасля прыняцця св. Камуніі, то галоўных правілаў што і як рабіць, колькі маліцца, Вы не знойдзеце. Напрыклад, некаторыя святыя звяртаюць увагу на супольную падзяку пасля прыняцця св. Камуніі, Ян Хрызостам упамінае тых, хто не мае часу на падзяку, а св. Аўгустын кажа, што апошняя частка св. Імшы і ёсць падзяка.

У кожнай парафіі, у кожнага чалавека ёсць свая выпрацаваная схема падзякі. Многія ў цішыні, персанальна адаруюць і дзякуюць за той найвялікшы дар, якім Пан Езус узмацняе людзей. У многіх парафіях існуе звычай у знак падзякі спяваць Эўхарыстычныя песні або песні падзякі (Пане добры як хлеб..., Дзякуем Табе, Божа наш... Хвала, Хвала, Хвала Табе, Вялікі Бог... і інш.) Напэўна ў многіх малітоўніках ёсць спецыяльныя малітвы падзякі пасля прыняцця св. Камуніі. Напрыклад, вядомая малітва св. Фамы Аквінскага.

Малітва падзякі пасля Святой Імшы св. Фамы Аквінскага

Дзякую Табе, Пане Святы Ойча, усемагутны вечны Божа, які мяне, грэшніка, Нягоднага слугу Твайго, без аніякіх маіх заслугаў, але толькі моцаю Тваёй міласэрнасці палічыў годным наталіць найдаражэйшым Целам і Крывёю Сына Твайго, Пана нашага Езуса Хрыста. Малю, каб гэтая Святая Камунія не стала мне прысудам на пакаранне, але збавенным заступніцтвам для прабачэння. Няхай яна будзе для мяне зброяй веры і шчытом добрай волі. Няхай стане вызваленнем ад заганаў, пазбаўленнем ад прагавітасці і нястрыманасці, узрастаннем у любові і цярплівасці, у прастаце і пакоры ды ва ўсіх цнотах; моцнаю абаронаю ад подступаў усіх маіх ворагаў, як бачных, так і нябачных; дасканалым задаваленнем маіх памкненняў, як цялесных, так і духоўных; трывалым прабываннем у Табе - адзіным і праўдзівым Богу, а таксама шчаслівым заканчэннем майго жыцця. Малю Цябе, каб Ты меў ласку прывесці мяне, грэшніка, да той невымоўнай гасціны, на якой Ты з Сынам Тваім і Духам Святым, і з усімі святымі Тваімі з'яўляешся святлом праўдзівым, наталеннем поўным, радасцю вечнаю, хараством завершаным і шчасцем дасканалым. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Ёсць і другая малітва.

Малітва пасля прыняцця св. Камуніі

Вось я, добры Езу, падаю на калені перад Тваім абліччам, малю Цябе, каб Ты прывіў майму сэрцу самыя высокія пачуцці веры, надзеі і любові, сапраўдны жаль за грахі і моцную волю паляпшэння. З сэрцам напоўненым вялікім пачуццём і болем я гляджу на Твае раны і сваімі думкамі тану ў іх, памятаючы пра тое, добры Езу, што Давід уклаў у твае вусны: "Прабілі рукі мае і ногі мае, і палічыў я ўсе косці мае." (Псальм. 22:18)

Або:

Малітва св. Ігнацы

О Душа Хрыстова, асвяці мяне.

Цела Хрыстова, захавай мяне.

Кроў Хрыстова, напаі мяне.

Вада з боку Хрыстова, абмый мяне.

Мука Хрыстова, умацуй мяне.

О добры Езу, пачуй мяне.

У сваіх ранах укрый мяне.

He дазволь мне Цябе пакінуць.

Ад ворага злога барані мяне.

У гадзіну смерці пакліч мяне.

І дазволь да Цябе прыйсці, Каб са святымі хваліць Цябе На векі вечныя.

Амэн.

Канешне, існуюць таксама і іншыя малітвы падзякі пасля прыняцця Езуса ў постаці Хлеба.

Але можна і сваімі простымі словамі падзякаваць Езусу за тое, што Ён прыйшоў і ўзмацніў не толькі цела, але і душу.

Дарэчы святар таксама моліцца на заканчэнне св. Імшы перад благаслаўленнем у знак падзякі за святыя Дары, і ўсе разам адказваюць Амэн - гэта значыць згаджаюцца, пацвярджаюць. І гэтая супольная малітва становіцца ўласнай малітвай гэтага чалавека.

Усяго Вам найлепшага, Вольга. З малітвай, кс. Андрэй.

Рэдагавана: 24 Студзеня 2017