Skip to main content

Што рабіць, калі забыў пасля споведзі прамовіць малітву пакаяння?

cq5dam.thumbnail.cropped.750.422 1Што рабіць, калі забыў пасля споведзі прамовіць малітву пакаяння? Ці важная яна ўвогуле?

Адказвае кс. Павел Беланос

Гэтае пытанне актуальнае не толькі ў перыяд Вялікага посту ці перад святамі, калі мы становімся ў чаргу перад канфесіяналам, але і ў кожным выпадку, калі мы збіраемся паспавядацца. Адна з умоваў сакрамэнту пакаяння заключаецца ў выпраўленні крыўдаў, нанесеных Пану Богу і бліжняму. Маецца на ўвазе выпраўленне крыўдаў, якія наносіць чалавек, чынячы тыя ці іншыя грахі. З гэтай мэтай святар ускладвае пакаянне, здзяйсняючы якое, мы выпраўляем – прынамсі часткова – гэтую шкоду і ўзнагароджваем Бога за абразу, якую нанеслі Яго велічы.

Аднак можа здарыцца, што пэнітэнт не разумее, якое пакаянне ўсклаў на яго святар, і баіцца спытацца (хоць не павінен гэтага баяцца), альбо забудзе пра яго. У такім выпадку ён можа сам ускласці на сябе пакаянне паводле ўласнага меркавання (Ружанец, Вяночак, літанія, якаясьці справа міласэрнасці і інш.) і паведаміць пра гэта спаведніку на наступнай споведзі.

Можа здарыцца і так, што пэнітэнт забыў прамовіць малітву пакаяння, хаця і ведае яе, і ўспамінае аб гэтым толькі тады, калі здзяйсняе рахунак сумлення перад наступнай споведдзю. У такім выпадку ён, перш чым пойдзе на споведзь, павінен здзейсніць гэтае забытае пакаянне (калі гэта магчыма), а на споведзі паведаміць спаведніку пра гэтую сітуацыю.

З павагай, кс. Павел

Рэдагавана: 23 Красавік 2025