Прыйшоў на споведзь, выліў усю душу, а святар нічога не сказаў, і засталося расчараванне. Як быць?
Адказвае кс. канонік Юрый Бяганскі
Адказваючы на гэта пытанне, варта спачатку запытаць сябе: “Што для мяне найважнейшае падчас споведзі і навошта я на яе прыйшоў?”
Хтосьці можа сказаць, што важнейшыя, напэўна, жаль за грахі, рахунак сумлення ці моцнае пастанаўленне выправіцца. На самой справе для добрай споведзі адыгрываюць важную ролю ўсе пяць умоў, аднак гэта не самае важнае. Важнейшае тое, што сёння Бог дае табе любоў і вернасць. Споведзь – гэта не прыход да якогасьці кіраўніка; на споведзі трэба быць пакорным, нават сваім тварам, як малое дзіця. Споведзь – час, калі Бог змяняе тваё сэрца і зноў прыпамінае табе, што сэрца ў цябе добрае і ты вельмі здольны прымаць любоў іншых: гэта значыць, што ты створаны чыніць дабро. Пакаянне – сакрамэнт, які падкрэслівае, што ты не можаш жыць без Божай любові. Як гаворыць Маці Тэрэза з Калькуты: “На нашым шляху да поўнага шчасця абсалютна неабходна адно: прызнанне. Споведзь – гэта акт пакоры, сакрамэнт любові і прабачэння, у якім я дазваляю Езусу вызваліць мяне ад усяго, што дзеліць і разбурае. Да споведзі мы павінны ставіцца з вялікай прастатой, як дзеці”.
Умацаванне – гэта сам сакрамэнт пакаяння і Езус, які бесперашкодна можа жыць у нашым сэрцы, таму што гэтае жаданне залежыць ад нашай свабоднай волі, значыць ад рашэння, якога мы хочам. Бог у любой сферы пакідае чалавеку свабоду. Езус кажа: калі хочаш, ідзі за Мною (пар. Лк 9, 23). Кожны з нас павінен асабіста ўдзельнічаць у акце пакаяння ў пачатку Эўхарыстыі, і варта падумаць, з якім стаўленнем мы гэта робім. Таксама кожны павінен прызнаць праўду, што мы грэшныя, робім зло і занадта мала любім. Калі мы ўсё гэта прызнаём, то ўсведамляем неабходнасць паспавядацца Богу ў грахах, як гэта зрабіў марнатраўны сын з прыпавесці Езуса. Сакрамэнт пакаяння і паяднання – інструмент для працы над сабой.
Прыходзячы да споведзі, мы таксама заўсёды павінны памятаць, што спавядае мяне Хрыстус. І прыйшоў я на споведзь, каб паслухаць Пана Бога, які прамаўляе праз святароў. Бо любові ніколі ў нас не будзе без умення слухаць Пана Бога і чалавека. Варта таксама памятаць, што гэты сакрамэнт прадугледжвае розныя спосабы спавядаць. Для кожнага Бог прамаўляе па-іншаму. Чаму? Бо мы ўсе розныя. Кожны з нас мае свае эмоцыі. Часам чалавек, які ідзе на споведзь, чакае, каб яго “пагладзілі” і пераканалі, што ён не дрэнны, іншаму трэба, каб яго хтосьці “страсянуў”, і толькі гэта дапаможа яму справіцца з пераменамі, або патрэбна, каб падтрымалі ў цяжкую хвіліну жыцця, далі добрую параду і г.д. Святар – усяго толькі чалавек, які не заўсёды можа нас зразумець. Ласка Божая прыходзіць незалежна ад яго слоў. Вы не можаце чакаць умацавання ў цяжкай хваробе ад чалавека, які слухае вас пяць хвілін. Чакайце гэтага ад Бога, а не ад яго.
Заўсёды трэба памятаць, што ўмацоўвае нас Бог. Аднак яшчэ раз хачу прыпомніць, што найважнейшым з’яўляецца тое, каб пасля споведзі ў нас абудзіліся прымірэнне і міласэрнасць. А таксама каб мы захацелі змяніць нейкую частку рэальнасці, ведаючы, што самі гэтага не зробім і за нас гэтага ніхто не зробіць.
Перад святамі Божага Нараджэння, рыхтуючы сябе да іх з дапамогай адвэнтавай споведзі, хачу кожнаму з нас пажадаць, каб нам удалося змяніць сваё жыццё прызнанняў у велізарнай любові да Бога і свету, які Ён стварыў. Вясёлых святаў Божага Нараджэння і з надыходзячым Новым годам!
З малітвай, кс. Юрый