Як па-хрысціянску паводзіць сябе з чалавекам, які заўсёды лічыць, што мае рацыю, хоць гэта не так, і не разумее, што тым самым кранае пачуцці бліжніх?
Адказвае а. Аляксандр Стока OCD
Паспрабую адказаць так:
1. Калі гэты чалавек веруючы, то яму важна зразумець, што такія паводзіны – праява вялікай пыхі. Чалавек не раз у жыцці памыляецца і спатыкаецца, гэта чалавечая натура, яна слабая. Пыхлівы чалавек не бачыць памылак у сваіх паводзінах, яму здаецца, што ён і толькі ён мае рацыю і можа дапамагчы іншым, ён лічыць, што толькі яго парады і меркаванне правільныя. Такі чалавек нешчаслівы, бо сам сабе не можа дапамагчы.
2. Чалавеку заўсёды трэба даць магчымасць адчуць сябе свабодным, адчуць, што яго паводзіны памылковыя, крыўдзяць бліжняга. Такі чалавек павінен моцна ўпасці праз свой эгаізм і пыху, каб адчуць боль ва ўласным духоўным целе. Словы кшталту “ты памыляешся, апамятайся” не дзейсныя, калі пыхлівы чалавек цвердаскуры: гэта не дазваляе яму адчуць боль, убачыць, што ён крыўдзіць родных і блізкіх.
3. Пакуль ён сам не дойдзе да разумення, што крыўдзіць бліжняга, то з боку не атрымаецца даказаць, што ён не мае рацыі.
4. Лекамі на пыху з’яўляецца пакора. Трэба стаць у праўдзе перад Богам і самім сабой, зразумець, што я магу памыляцца, бо я толькі чалавек, што без дзеяння Божай ласкі і Яго міласэрнай моцы не змагу перамяніцца і выправіць сваё жыццё так, каб не абражаць іншага.
5. Калі ж гэты чалавек няверуючы, застаецца толькі маліцца аб глыбокім навяртанні для яго і радыкальнай перамене яго жыцця.
6. З майго ўласнага досведу, трэба вучыцца размаўляць на цяжкія хвалюючыя пытанні з тым, хто мяне абражае і крыўдзіць. Без шчырага дыялогу і адвагі нічога не атрымаецца зрабіць.
7. Заўсёды трэба пытацца ў Езуса на малітве: “Езу, што Ты зрабіў у гэтай канкрэтнай жыццёвай сітуацыі?”, ставіць сябе на Яго месца. Запэўніваю, што Ён чуе і, напэўна, дапаможа ў складанай і нават безнадзейнай сітуацыі.
З малітвай, а. Аляксандр