Навошта ў Касцёле збіраюцца ахвяраванні на тацу? Ці мае гэта якоесьці абгрунтаванне ў Евангеллі?
Навошта ў Касцёле збіраюцца ахвяраванні на тацу? Ці мае гэта якоесьці абгрунтаванне ў Евангеллі?
Адказвае а. Ануфрый Альховік OSPPE
На нядзельнай або святочнай святой Імшы можна ўбачыць, як міністрант ці касцёльны ходзяць з кошыкам па касцёле і збіраюць ахвяраванні сярод парафіянаў. Гаворка ідзе пра т.зв. тацу. Можна таксама пачуць выраз “даць на тацу”. Само слова “таца” азначае “талерка”, “мiска”. У старажытнасці ахвяраванні ў святынях збіралі менавіта кладучы іх на талерку.
Самім Богам устаноўлена, што Святы Касцёл існуе на ахвяраванні вернікаў. Ужо ў Старым Запавеце чытаем, як Бог загадвае складаць дзесяціны, дары і іншыя ахвяраванні Яму для ўтрымання Ерузалемскай святыні і святароў.
“Кожная дзесяціна з валоў, авечак, коз, якія праходзяць пад палкай пастуха, кожнае, што пройдзе дзясятым, будзе святой рэччу для Пана” (Лев 27, 32).
“У гэтым месцы складайце ўсеспаленні і крывавыя ахвяры вашы, дзесяціны ды дары рук вашых, і тое, у чым прысягалі, і добраахвотныя ахвяры першародных валоў і авечак” (Дрг 12, 6).
“Святары левіты, усё пакаленне Леві, хай не маюць ані часткі, ані ўласнасці ў Ізраэлю. Хай харчуюцца з ахвяр, паленых на ўшанаванне Пана і спадчыны Яго. ... Вось што хай належыць па праву святару з таго, што народ складае ў ахвяру: якія складаюць у ахвяру вала або авечку, хай дадуць святару лапатку, дзве сківіцы і страўнік, пяршыні збожжа свайго, віна і алею, а таксама воўны ад стрыжкі авечак. Бо яго выбраў Пан, Бог твой, з усіх пакаленняў тваіх, каб ён стаяў і служыў у імя Пана...” (Дрг 18, 1, 2-5)
Апавядаецца гісторыя беднай удавы, якая паклала ў скарбонку святыні дзве невялікія медныя манеты, вядомыя як лепты. “Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой” (пар. Мк 12, 41-44). Нягледзячы на, здавалася б, нязначную каштоўнасць яе ахвяры, Пан Езус усхваляе яе ўчынак як праяву сапраўднай ахвярнасці і шчодрасці. Гэтая гісторыя, якую часта называюць “удовінай лептай” або “ўдовінай ахвярай”, з’яўляецца вялікім сведчаннем цноты бескарыслівага ахвяравання.
У першыя часы хрысціянства ахвяраванні таксама былі вельмі важнай часткаю хрысціянскага жыцця. Апостал Павел піша супольнасці ў Карынце: “Ці ж не ведаеце, што тыя, хто працуе пры святыні, жывяцца са святыні, а тыя, што служаць пры ахвярніку, маюць частку з ахвярніка?” (1 Кар 9, 13)
У часы св. Юстына, мучаніка (+165 г., Рым), збіранне ахвяраванняў і дароў становіцца сталым элементам святой Імшы. У сваіх Апалогіях ён апісвае мэту гэтых ахвяраванняў: “Хто можа сабе дазволіць і мае добрую волю, ахвяруе, колькі хоча і можа, а потым усё сабранае перадаецца настаяцелю. Ён апякуецца сіротамі, удовамі, хворымі ці тымі, хто мае іншую патрэбу, а таксама вязнямі і чужынцамі, якія знаходзяцца ў гміне; адным словам, спяшаецца на дапамогу ўсім, хто мае патрэбу”.
Наступныя сведчанні знаходзім у Тэртуліяна і св. Кіпрыяна (ІІ/ІІІ ст.). Яны абодва кажуць пра збіранне дароў і ахвяраванняў як пра сталы элемент літургіі, звязаны з падрыхтоўкай дароў хлеба і віна, якія неўзабаве стануць Целам і Крывёю Езуса Хрыста. Разам з хлебам і віном да алтара прыносяць усе іншыя дары.
Першапачаткова ахвяраванні рабіліся ў выглядзе прадметаў, ежы і грошай. Часта здаралася, што ў дар прыносілі яшчэ і акты на ўласнасць на дамы ці зямлю. Гэта заўсёды былі дары “на патрэбы Касцёла”, гэта значыць супольнасці. У асноўным яны ішлі на дабрачыннасць – дапамогу бедным, хворым і пакінутым.
З цягам часу хрысціянскія супольнасці разрасталіся, асабліва пасля эдыкта імператара Канстанціна ў 313 г. Стваралася ўсё больш месцаў культу, пра якія трэба было клапаціцца (раней хрысціяне збіраліся на Літургію пераважна ў сваіх дамах). Ахвяраванні пачалі выкарыстоўвацца таксама для культавай або місіянерскай дзейнасці і для ўтрымання духавенства. Акрамя таго, сталі пераважаць ахвяраванні ў выглядзе грошай, бо імі было зручней распараджацца ў вялікіх супольнасцях. Аднак звычай прыносіць прадметы, ежу і іншыя рэчы працягваўся прынамсі да XI стагоддзя.
У нашай краіне Касцёл аддзелены ад дзяржавы. З дзяржаўнага бюджэту не выдзяляюцца сродкі на ўтрыманне месцаў культу, на заробкі святарам і іншым супрацоўнікам касцёлаў. Трэба аплачваць камунальныя паслугі: ваду, электраэнергію, ацяпленне і інш. Акрамя гэтага, неабходныя сродкі на рамонт і рэстаўрацыю касцёлаў і твораў сакральнага мастацтва, на набыццё літургічных рэчаў, кніг. Усе гэтыя выдаткі парафіі вымушаны пакрываць самастойна, а іх даходы складаюцца толькі з ахвяраванняў вернікаў. Таму кожны вернік абавязаны дбаць пра сваю парафіяльную святыню, як пра свой уласны дом.
З малітвай, а. Ануфрый