Малітва на ружанцы карыстаецца асаблівай увагай сярод вернікаў. Касцёл на Беларусі і Гродзенская дыяцэзія – не выключэнне. Але як з’явіўся Ружанец? Адкуль у Каталіцкі Касцёл прыйшла практыка гэтай малітвы?
Адказвае кс. Павел Эйсмант
Ружанец – адна з найбольш вядомых і папулярных малітваў у Каталіцкім Касцёле. Узнік ён не адразу.
Вытокаў ружанцовай малітвы трэба шукаць у кляштарах. Справа ў тым, што да св. Яна Паўла ІІ Ружанец складаўся з трох частак, кожная з якіх, як ведаем, змяшчае 5 таямніц па 10 “Вітай, Марыя”. Гэта азначае, што Ружанец складаўся са 150 малітваў “Анёльскага прывітання”. Няцяжка здагадацца, што лічба 150 адпавядае колькасці псальмаў у Святым Пісанні.
З даўніх часоў тыя, хто вёў манаскае жыццё, мелі абавязак маліцца псальмамі. Аднак як самім манахам, так і вернікам, якія наведвалі іх кляштары, цяжка было вывучыць усе псальмы на памяць. Друкаванага тэксту тады яшчэ не было, а рукапісныя тэксты псальмаў на такім дарагім носьбіце, як пергамент, мелі толькі лічаныя адзінкі. Таму каля 850 г. адзін манах ірландскага паходжання прапанаваў замяніць малітву псальмамі на 150 малітваў “Ойча наш”. Гэта першая хрысціянская малітва да Нябеснага Айца, якой навучыў нас сам Езус Хрыстус. І так сталася, што гэты звычай увайшоў у жыццё. Адсюль таксама пайшло акрэсленне штодзённай малітвы хрысціяніна – “пацер” (ад лац. Pater noster – Ойча наш).
Манахі дзеля палягчэння падліку колькасці прамоўленых малітваў выкарыстоўвалі 150 каменьчыкаў, якія перакладвалі з адной скрынкі ў другую, ці вузельчыкаў на шнуры, якія перабіралі пальцамі. З часам з такіх вузельчыкаў паўстаў першы ружанец.
У XIII ст. манахі-цыстэрыянцы апрацавалі новую форму малітвы, якая атрымала назву “Ружанец”. Чаму Ружанец? Бо манахі параўноўвалі яе з букетам містычных ружаў, падораных Марыі.
У той жа час адбылася падзея, дзякуючы якой Ружанец распаўсюдзіўся на ўвесь Касцёл. Легенда кажа, што ў 1214 г. святому Дамініку аб’явілася Маці Божая, якая заклікала яго маліцца т.зв. “Псалтыром Найсвяцейшай Панны Марыі”. Справа ў тым, што ў гэты час ў Еўропе распаўсюджвалася ерась альбігойцаў, ці катараў (т.зв. “чыстых”), якія лічылі чалавечую душу і ўвогуле духоўную сферу добрай, а ўсё, што звязана з целам, – дрэнным. З-за іх дзейнасці шмат людзей адвярнулася ад Бога і, як пісаў св. Бэрнард, яны нават на смяротным ложы адмаўляліся ад паслугі Касцёла і кпілі з пакаяння. Святы Дамінік, пасланы Папам абвяшчаць альбігойцам пакаянне, сустрэў такі моцны супраціў з іх боку, што пасля некалькіх гадоў руплівай працы пайшоў у пустыннае месца і там тры дні і тры ночы маліўся і бічаваўся, каб выпрасіць у Бога ўміласціўленне за грахі ератыкоў. Страціўшы ўрэшце прытомнасць, ён убачыў у сне Маці Божую, якая перадала яму “Анёльскі Псалтыр”, названы Ёй таксама “вуглавым каменем Новага Запавету”. Гэта былі 150 “Вітай, Марыя” і 15 “Ойча наш”. Найсвяцейшая Панна запэўніла яго, што гэты “Псалтыр” – магутная зброя супраць закамянеласці чалавечых сэрцаў. І сапраўды, калі св. Дамінік пачаў распаўсюджваць яго спачатку ў французскім горадзе Тулуза, а потым і ў іншых месцах, усе пераканаліся ў духоўнай эфектыўнасці гэтай малітвы. Дзякуючы ёй шмат людзей вярнуліся да сапраўднай Хрыстовай веры.
Варта заўважыць, што “Псалтыр Марыі” быў як бы “прадвесцем” той формы ружанцовай малітвы, якую мы сёння добра ведаем. На працягу XIV–XV стст. фарміравалася сённяшняе гучанне малітваў “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”, якія выкарыстоўваюцца ў ружанцовай малітве. У 1470 г. дамініканскі манах Алан дэ ла Рош дадаў у малітву элемент разважання – часткі і таямніцы, узятыя з Евангелля і касцёльнай Традыцыі, і стварыў першае ружанцовае брацтва. Дзякуючы дамініканскаму ордэну Ружанец хутка распаўсюдзіўся на ўвесь Касцёл. Канчатковая форма малітвы ўсталявался ў 1521 г. дзякуючы дамініканіну Альберту дэ Кастэла. Праўдападобна, апошняя падзея была звязана з рэфармацыяй Марціна Лютэра, якая вельмі хутка распаўсюджвалася ў Еўропе. І ўрэшце 16 кастрычніка 2002 г. Папа св. Ян Павел ІІ сваім апостальскім лістом “Rosarium Virginis Mariae” ўвёў хвалебную частку Ружанца, у якой разважаем пра публічную дзейнасць Езуса Хрыста.
Ружанцовая малітва неаднаразова ратавала хрысціянскую Еўропу ад знішчэння, і гэта не перабольшанне. Так, у 1571 г. аб’яднаны флот некалькіх хрысціянскіх дзяржаў перамог нашмат большы па колькасці флот Асманскай імперыі, якая імкнулася любым коштам заваяваць Рым, а потым і ўсю Еўропу. Тады на заклік Папы св. Пія V усе вернікі Касцёла маліліся на ружанцы. Ведаючы, хто прычыніўся да гэтай перамогі, Пій V устанавіў у літургічным календары 7 кастрычніка святам Маці Божай Ружанцовай. Папа Клімэнт XI пасля перамогі над туркамі пад Бялградам у 1716 г. распаўсюдзіў гэтае свята на ўвесь Касцёл. Яго пазнейшы наступнік, Папа Леў XIII, распарадзіўся маліцца на ружанцы ўвесь месяц кастрычнік, а таксама ўвёў у Ларэтанскую літанію заклік “Каралева Ружанца святога, маліся за нас”.
Падчас аб’яўленняў у Люрдзе, Фаціме, Гетшвалдзе і Меджугор’і Марыя неаднаразова напамінала людзям пра малітву на ружанцы. І сёння Ружанец як сродак перапрашэння Бога за грахі чалавецтва і выпрошвання дару міру вельмі патрэбен нашаму свету.
З малітвай, кс. Павел